|   Пасьля масавых арыштаў і судоў апошняга тыдня маці 
              палітзьняволеных вырашылі аб’яднаць свае намаганьні. Да іх жадаюць 
              далучыцца бацькі ды іншыя сваякі соцень беларускіх палітвязьняў, 
              якія адбываюць цяпер адміністратыўнае й крымінальнае пакараньне, 
              знаходзяцца пад сьледзтвам. 
             Ініцыятыва стварэньня Камітэту маці палітвязьняў нарадзілася стыхійна 
              ў чэргах ля сьцен турмаў, у судовых калідорах, калі сем’і арыштаваных 
              прыхільнікаў перамен шукалі сваіх, абменьваліся паміж сабой інфармацыяй, 
              разам віталі дзяцей ля турмы на Акрэсьціна, — паведаміла маці аднаго 
              з палітвязьняў, Эла Гарэцкая.  
            (Гарэцкая: ) «Праца будзе ў тым, каб падтрымліваць усіх, хто патрапляе 
              ў турмы, усялякім чынам. Гэта шмат працы й надоўга».  
            На гэты час ужо ўтварылася два выразныя колы такіх актывістак, 
              зацікаўленых у стварэньні сваёй структуры. Сувязь паміж імі трымаецца 
              пераважна на асабістых і тэлефонных кантактах, а празь дзень-два 
              адбудзецца ўстаноўчы сход Камітэту маці палітвязьняў. Бліжэйшым 
              часам яны зьбіраюцца сустракацца з прадстаўнікамі ААН, АБСЭ, Чырвонага 
              крыжу.  
            Гаворыць адна з ініцыятарак заснаваньня Камітэту жонка лідэра апазыцыі 
              Аляксандра Мілінкевіча Іна Кулей, сын якой, Ігар, адбывае адміністрацыйнае 
              пакараньне, 15 сутак, за ўдзел у акцыях пратэсту супраць несумленных 
              выбараў.  
            (Кулей: ) «Ідэя паўстала ад некалькіх бацькоў. Сярод іх ёсьць выдатныя 
              арганізатары й агітатары. Адна зь іх — з хлебазаводу (пакуль ня 
              буду называць прозьвішча). Дык гэтая жанчына папросту мітынгі там 
              наладжвала й расказвала, як яе, абсалютна не заангажаваную ў палітыку, 
              сын навучыў не баяцца. Гэта народная ініцыятыва такая — з усіх па 
              ніціне, як кажуць».  
            Спадарыня Кулей мяркуе: пакуль што ўсе бацькі зацікаўлены адным 
              — як даставіць сваім дзецям-палітвязьням харчовыя й рэчавыя перадачы. 
              Аднак яна верыць, што згуртаваньне маці спатрэбіцца ня толькі цяпер, 
              але й пазьней, калі рэпрэсіі супраць іхных дзяцей набудуць іншыя 
              формы. Істотна, што Іна Кулей мае вялікі досьвед грамадзкай працы, 
              і гатова дзяліцца сваімі высновамі.  
            (Кулей: ) «Цяпер я бачу, што бацькі давяраюць мне й яшчэ пары-тройцы 
              такіх жанчын. Гэта папросту такое лобі. Я думаю, што гэты камітэт 
              самаарганізуецца й будзе дзейнічаць. І тая справа й праца, якую 
              я рабіла ўсё жыцьцё (грамадзкая дзейнасьць — у нас жа быў такі інкубатар, 
              цэнтар падтрымкі грамадзянскіх ініцыятываў), будзе дапамогай — каб 
              людзі хутчэй маглі арганізавацца».  
            Жонка арыштаванага лідэра апазыцыі Аляксандра Казуліна Ірына вітала 
              гэтую ініцыятыву:  
            (Казуліна: ) «Я за стварэньне такога камітэту. Лічу, што гэта вельмі 
              правільна. Але там мусяць быць не абавязкова жанчыны — і мужчыны 
              таксама. І не абавязкова толькі маці, а могуць быць і сябры асуджаных». 
             
            Бацька зьняволенай студэнткі Эканамічнага ўнівэрсытэту Іван Вашкевіч 
              таксама хоча далучыцца да гэтай структуры:  
            (Вашкевіч: ) «Яна будзе прыцягваць увагу да тых парушэньняў, што 
              чыняцца. Па-другое, яна будзе папярэджваць такія факты — каб іх 
              больш не было». 
            
              
             Радыё Свабода 
               
               
             |