У ліку ініцыятараў і заснавальнікаў — і людзі сталага
веку, былыя гімназісты Віленскай беларускай гімназіі — Галіна Войцік,
Яраслаў Станкевіч, Міраслава Русак, і беларускія грамадзкія дзеячы
з розных арганізацыяў, студэнты. На рахунак ад першага дня рэгістрацыі
пачалі прыходзіць ахвяраваньні.
Рахунак фонду адкрыты грамадзкай арганізацыяй «Віленскі беларускі
музэй імя І.Луцкевіча». Галоўная ініцыятарка і заснавальніца фонду
Людзьвіка Вітушкава распавяла нашаму радыё, што гэта будзе і матар'яльная
дапамога, і маральная падтрымка, якая аб'яднае і ўзмоцніць беларусаў.
(Вітушкава: ) «У Беларусі ўзаемная дапамога вельмі разьвітая. Заўсёды,
калі нешта здараецца у блізкага ці роднага чалавека, яму дапамагаюць.
Мы зрабіліся цяпер адзінай сям'ёй, мы разам. Зьняволеных у Беларусі
ужо звыш тысячы.
Я вельмі спадзяюся на дапамогу, на тое, што да нашай ініцыятывы
паставяцца з разуменьнем. Я вось мяркую па калегах на маёй працы.
Кожную раніцу яны пытаюцца: ну, што там у Беларусі? На сёньняшні
дзень найбольш важная праблема — падтрымка тых, хто пацярпелі ад
рэпрэсіяў, арыштаў і іх сем'яў.»
Фонд створаны, паводле заснавальнікаў, дзеля таго, каб даць магчымасьць
большай колькасьці людзей далучыцца да дапамогі. Пасьля зьбіцьця
мірных дэмантрантаў і арыштаў у Менску людзі, якія раней не цікавіліся
палітыкай і грамадзкай дзейнасьцю, шукаюць магчымасьць дапамагчы
тым, хто пацярпеў за праўду, і такіх людзей усё больш.
(Вітушкава: ) «Гэтая ідэя зьявілася даўно, і не ў мяне адной. У
тыя дні, калі нашая моладзь стаяла на плошчы, мы ужо пачыналі зьбіраць
грошы і рэчы, ўжо тады хацелася дапамагаць ім.»
Ідэю фонду падтрымалі іншыя арганізацыі ў Літве. У ліку першых
— грамадзкая арганізацыя Аб'яднаны цэнтр беларускіх ініцыятываў,
на сайце якой (www.jubic.org) можна знайсьці ўсю інфармацыю пра
літоўскі фонд дапамогі пацярпелым ад рэпрэсіяў у Беларусі. Л.Вітушкава
паведаміла, што на момант адкрыцьця рахунку ўжо былі першыя ахвяраваньні.
(Вітушкава: ) «Першыя ўзносы зрабілі, натуральна, заснавальнікі.
Так што першыя грошы ўжо на рахунку ёсьць, пачатак добрай справе
пакладзены.»
Паводле заснавальнікаў, сама ідэя такога фонду, як народнай ініцыятывы,
абвяргае абвінавачваньні беларускай улады ў тым, што ўдзельнікам
акцыяў пратэсту плацілі замежныя дзяржавы.
(Вітушкава: ) «У беларускіх лукашэнкаўскіх мас-мэдыях гавораць,
што тым людзям, якія выходзяць на мітынгі, пратэстуюць супраць фальсіфікацыяў
на прэзыдэнцкіх выбарах, нібыта плацяць грошы. Гэта няпраўда. Я
са сваёй сям'ёй набыла візы, страхоўкі, білеты — усё самі — і мы
прыехалі ў Менск, каб быць разам з усімі. Мы зрабілі для сябе сьвята,
мы былі з самай лепшай часткай нашага народу, мы спаткалі там сваіх
сяброў. Мы пабачылі, як нас разам багата. А што да дапамогі з боку
Эўразьвязу і іншых краінаў, то гэтага ніхта і не хавае — гэтыя грошы
не выдзяляюцца канкрэтным людзям, яны ідуць на разьвіцьцё радыё,
тэлевізіі, і гэтак далей. У гэтым няма нічога заганнага. Гэта цалкам
нармальна для чалавека дэмакратычных паглядаў, які шануе сваё і
паважае погляды іншых. Такому чалавеку таксама баліць за тое, што
недзе б'юць людзей, чыняць гвалт.»
Тацяна Поклад
Радыё Свабода
|