|   Сёньня адбылося арганізацыйнае паседжаньне Грамадзкага 
              камітэту ў абарону рэпрэсаваных, які будзе займацца падтрымкай выключаных 
              з ВНУ і звольненых з працы апанэнтаў дзейнай улады. Камітэт зьбіраецца 
              зарэгістравацца ў Мін'юсьце і наладзіць сувязі з замежнымі арганізацыямі, 
              што прапануюць дапамогу беларускім палітвязьням і людзям, што пацярпелі 
              за палітычныя меркаваньні. 
             У Грамадзкі камітэт у абарону рэпрэсаваных увайшлі прадстаўнікі 
              Задзіночаньня беларускіх студэнтаў, праваабарочнгага цэнтру «Вясна», 
              выбарчага штабу А.Мілінкевіча, Камітэту бацькоўскай салідарнасьці. 
             
            Камітэт адкрыты і для іншых структур і грамадзян. Узначаліла новую 
              структуру жонка Аляксандра Мілінкевіча Іна Кулей. Пра заснавальнікаў 
              новай арганізацыі яна сказала:  
            ( Кулей: ) «Гэта прафэсійныя, падрыхтаваныя людзі, якія адчуваюць 
              адказнасьць і ведаюць, як можна дамагчыся карысьці, не баючыся перашкод 
              з боку ўлады. Ну, а бацькі палітвязьняў, — гэта людзі, якія даўно 
              пераступілі страх, якія ганарацца сваімі дзецьмі, якія таксама зробяць 
              усё і дойдуць да кожнага, каб дапамагчы тым, хто сёньня ў бядзе». 
             
            Спадарыня Кулей зазначыла, што камітэт будзе займацца падрыхтоўкай 
              да накіраваньня на вучобу за мяжу выключаных зь беларускіх ВНУ студэнтаў, 
              матэрыяльнай дапамогай сем’ям палітвязьняў і звольненых з працы, 
              арганізацыяй мэдыцынскай рэабілітацыі зьбітых дэманстрантаў. Апрача 
              таго спадарыня Кулей лічыць неабходным наладжваць сувязі з замежнымі 
              камітэтамі ў абарону беларускіх палітвязьняў.  
            Іна Кулей кажа, што будзе імкнуцца зарэгістраваць ў Мін'юсьце новаствораны 
              Грамадзкі камітэт як рэспубліканскую арганізацыю.  
            У аб’яднаньне ўвайшла маці аднаго зь нядаўніх вязьняў жодзінскай 
              турмы Ала Кароль:  
            (Ала Кароль: ) «Гэта не пасада ніякая, гэта пакліканьне душы. Я 
              сустракаюся і размаўляю зь вельмі многімі мамамі, і ўсе цяпер у 
              складаным маральным стане. Мне нават падаецца, што дзеці, якія выходзяць, 
              як мой сын, які вярнуўся пасьля 10 сутак, яны сябе больш упэўнена 
              адчуваюць, чым бацькі. Мы хочам дапамагчы і дзецям, і бацькам». 
             
            Віктар Івашкевіч, які прадстаўляе ў Грамадзкім камітэце штаб Мілінкевіча, 
              паведаміў, што на сёньня сабрана каля дваццаці анкет людзей, якіх 
              ужо выгналі з вучобы ці працы за ўдзел у акцыях супраціву, і што 
              каля 100 студэнтаў, якія былі асуджаныя за гэта, застаюцца пад пагрозай 
              адлічэньня.  
            Колькасьць вучэбных месцаў у Польшчы, Літве, Чэхіі для адлічаных 
              беларускіх студэнтаў ужо сягае пяцісот.  
            Ёсьць таксама магчымасьці працаўладкаваньня звольненых паводле 
              палітычных матываў празь бізнэс-каналы ды арганізацыі стажыровак 
              пры замежных унівэрсытэтах для тых зь іх, хто мае вышэйшую адукацыю, 
              — паведаміў спадар Івашкевіч. 
             
              
             Радыё Свабода 
              
               
               
             |