|   Польскі Зьвяз на карысьць дэмакратыі ў Беларусі 
              падрыхтаваў ліст салідарнасьці зь беларускімі палітвязьнямі, які 
              падпісалі дзясяткі вядомых людзей, у тым ліку і старшыня Эўрапарлямэнту 
              Жазэп Барэль. Ліст гэтымі днямі будзе накіраваны Аляксандру Мілінкевічу. 
             У лісьце гаворыцца, што ў Беларусі арышты і зьбіцьцё ўдзельнікаў 
              мірных акцыяў пратэсту, іх звальненьне з працы і шантаж сталіся 
              «штодзённай справай», а сама Беларусь «застаецца апошняй дыктатурай 
              у Эўропе, дзе «груба парушаюцца правы чалавека».  
            «Грамадзкі ўздым у Беларусі, які мы бачылі апошнім часам, давядзе 
              да таго, што Беларусь стане вольнай і незалежнай дзяржавай, беларускі 
              народ скіне таталітарнае ярмо і далучыцца да сям’і дэмакратычных 
              эўрапейскіх народаў. У гэты час мы выказваем салідарнасьць зь беларускім 
              народам, які змагаецца за свабоду, а змагацца за свабоду мае права 
              кожны чалавек. Мы хочам перадаць вам слова і ідэю, дзякуючы якім 
              наша краіна стала вольнай, гэта слова салідарнасьць», — гаворыцца 
              ў звароце.  
            Старшыня Зьвязу на карысьць дэмакратыі ў Беларусі Антось Цялежнікаў 
              сказаў «Радыё Свабода»:  
            (Цялежнікаў: ) «Гэта ліст салідарнасьці з усімі беларускімі патрыётамі, 
              палітычнымі вязьнямі, якія былі арыштаваныя ў часе перадвыбарчай 
              кампаніі, а таксама ў пэрыяд ад 19 па 25 сакавіка. Ліст падпісалі 
              знаныя польскія і замежныя палітыкі, але таксама і прадстаўнікі 
              польскай інтэлігенцыI».  
            Ліст, сярод іншых, падпісалі старшыня Эўрапейскага парлямэнту Жазэп 
              Барэль, расейскі палітык Грыгоры Яўлінскі, а таксама легендарны 
              паплечнік Леха Валэнсы Генрык Вуец.  
              
            Аляксей Дзікавіцкі 
              Радыё Свабода 
             
             
             
               
             |