|   Сёньня ў нашай краіне пануюць гвалт, хлусьня і 
              цемрашальства. Журналісты дзяржаўных СМІ вядуць «духоўную» вайну 
              супраць усяго цывілізаванага сьвету і ўласнага народу. А нашы міліцыянты 
              сталіся адзінай крыніцай «праўдзівых» сьведчаньняў у судах. 
            Як паказалі арышты сотняў людзей, нязгодных з вынікамі прэзыдэнцкіх 
              выбараў, у краіне сапраўды дзейнічае прынцып «аднаго акна». Празь 
              яго зьняволеным падаюць у турмах баланду. 
            Хлусьня — гэта не адсутнасьць праўды. Гэта калі яе выдаюць за праўду. 
              А каб у такую «праўду» паверылі, улада зачыняе незалежныя выданьні. 
              Журналістаў, якія працуюць у іх, зьбіваюць і арыштоўваюць. Звычайнай 
              практыкай зьяўляюцца звальненьні з працы і выключэньні з навучальных 
              установаў паводле палітычных матываў. 
            Рэжым, відавочна, хоча ўтрымацца на брутальнай сіле і запалохваньні 
              людзей. Але пасьля 19 сакавіка 2006 году ў грамадзтве адбыўся зрух: 
              беларусы прадэманстравалі волю да Свабоды. 
            Мы, беларускія інтэлектуалы, людзі мастацтва і культуры, журналісты, 
              зьвяртаемся да сваіх калег, усіх сумленных грамадзянаў Беларусі 
              з заклікам не падтрымліваць дзеяньняў рэжыму, скіраваных супраць 
              уласных грамадзянаў, дэмакратычных каштоўнасьцяў, нашай культуры 
              і мовы. 
            Ня бойцеся! Перамога Свабоды непазьбежная. 
            Жыве Беларусь! 
            Валянцін Акудовіч, філёзаф; Алесь Анціпенка, філёзаф; 
              Уладзімер Арлоў, пісьменьнік; Зінаіда Бандарэнка, народная артыстка 
              Беларусі; Рыгор Барадулін, народны паэт Беларусі; Лявон Баршчэўскі, 
              перакладчык; Лявон Вольскі, рок-музыка; Радзім Гарэцкі, акадэмік; 
              Сяргей Дубавец, журналіст; Максім Жбанкоў, кінакрытык; Кася Камоцкая, 
              сьпявачка; Аляксандар Кульлінковіч, рок-музыка; Аляксей Марачкін, 
              мастак; Генадзь Сагановіч, гісторык; Віталь Сіліцкі, палітоляг; 
              Аляксандар Старыкевіч, журналіст; Валянцін Тарас, пісьменьнік; Валянціна 
              Трыгубовіч, мастацтвазнаўца; Андрэй Хадановіч, паэт 
              
            Упершыню зварот надрукаваны на старонках «Нашай Нівы» 
              
               
               
             |