З нагоды інаўгурацыі Аляксандра Лукашэнкі на трэці
прэзыдэнцкі тэрмін генэральны сакратар “Міжнароднай амністыі” Айрын
Кан накіравала ліст кіраўніку Беларусі.
У ім увага адрасата зьвяртаецца на парушэньні правоў чалавека
ў Беларусі. У звароце падкрэсьліваецца, што нягледзячы на тое, што
Беларусь ёсьць краінай, якая падпісала Пакт аб грамадзянскіх і палітычных
правах, у ёй назіраюцца шматлікія выпадкі парушэньня правоў на свабоду
выказваньня і свабоду. Шмат людзей у Беларусі — гаворыцца ў лісьце
— патрапілі за краты з-за сваіх палітычных поглядаў.
У звароце гаворыцца пра перасьлед праваабаронцаў, у якасьці прыкладу
прыводзіцца лёс апошняй легальнай праваабарончай арганізацыі «Беларускі
Хэльсынскі камітэт» , якому пагражае закрыцьцё. Кіраўнічка «Міжнароднай
амністыі» падкрэсьлівае, што паводле зьвестак арганізацыі ня менш
як адзін сьмяротны прысуд быў выкананы ў Беларусі ў 2005 годзе.
Адна з галоўных мэтаў «Міжнароднай амністыі» — скасаваньне сьмяротнага
пакараньня ва ўсім сьвеце.
У лісьце да Аляксандра Лукашэнкі нагадваецца таксама пра лёс 4
зьніклых грамадзкіх дзеячоў і палітыкаў. Адрасат заклікаецца да
правядзеньня незалежнага дасьледаваньня гэтых зьнікненьняў і пакараньня
адказных за гэтыя злачынствы.
Радыё Свабода
|