|   Швайцарыя далучылася да санкцыяў Эўрапейскага зьвязу 
              супраць беларускіх чыноўнікаў, адказных за парушэньні правоў чалавека 
              і фальсыфікацыі вынікаў прэзыдэнцкіх выбараў і таксама забараніла 
              ім уезд на сваю тэрыторыю. 
             Прадстаўнік Фэдэральнага дэпартамэнту замежных справаў Швайцарыі 
              Жан-Філіп Жэнэро патлумачыў, што рашэньне швайцарскіх уладаў не 
              пускаць на сваю тэрыторыю беларускіх чыноўнікаў, адказных за парушэньні 
              правоў чалавека і фальсыфікацыі вынікаў выбараў, зьвязанае з «адсутнасьцю 
              свабоды ў гэтай былой савецкай рэспубліцы».  
            У такой сытуацыі, Швайцарыя падтрымлівае санкцыі Эўрапейскага зьвязу, 
              у склад якога сама не ўваходзіць.  
            Швайцарскія ўлады яшчэ 27 сакавіка ў адмысловай заяве заклікалі 
              беларускія ўлады неадкладна вызваліць палітзьняволеных, спыніць 
              парушэньні правоў чалавека і забясьпечыць сваім грамадзянам права 
              на свабоду слова і сходаў.  
            «Фэдэральны дэпартамэнт замежных справаў Швайцарыі афіцыйна заклікае 
              беларускія ўлады выконваць свае міжнародныя абавязацельствы што 
              да падставовых правоў і свабодаў чалавека. Калі палітычная сытуацыя 
              ў Беларусі не палепшыцца хутка і на працяглы час, Швайцарыя будзе 
              разглядаць магчымасьць увядзеньня мэтанакіраваных санкцыяў супраць 
              Беларусі», — гаворыцца ў заяве швайцарскх уладаў.  
              
            Аляксей Дзікавіцкі 
              Радыё Свабода 
               
               
             |