Амэрыканскія экспэрты: Беларусь можа прадаць Ірану ракеты С-300
14 апреля 2006

Уплывовы аналітычны тыднёвік Jane's Defense Weekly сёньня апублікаваў артыкул пра магчымыя транзытныя пастаўкі расейскай ракетнай зброі праз Беларусь у Іран. Падазрэньні аналітыкаў часопіса факусуюцца на нядаўняй дамове аб продажы Беларусі расейскіх комплексаў сэрыі С-300, якія як мяркуюць аналітыкі, і могуць неўзабаве трапіць у Іран.

Аналіз часопісу Jane's Defense Weekly грунтуецца перш за ўсё на зьвестках выведкі і інфармацыі з надзейных крыніц. Яны сьведчаць, што Беларусь верагодна рыхтуецца да рээкспарту расейскіх вайсковых тэхналёгіяў у Іран.

Часопіс бярэ пад увагу тое, што раней Беларусь і Ўкраіна былі заўважаныя ў тайных пастаўках зброі і тэхналёгій падвойнага прызначэньня ў краіны-ізгоі, напрыклад, пасьля Аранжавай рэвалюцыі ва Ўкраіне быў выкрыты скандальны факт продажу расейскіх ракет у Кітай і Іран атачэньнем былога прэзыдэнта Леаніда Кучмы.

Як піша часопіс, Беларусь з пачатку 2005 году вяла інтэнсіўныя перамовы з Расеяй аб пакупцы апошняй, найбольш удасканаленай вэрсіі супрацьракетных комплексаў С-330 SP. Паводле інфармаваных крыніцаў, на якія спасылаецца амэрыканскі тыднёвік, кантракт на пастаўку пэўнай колькасьці такіх комплексаў быў падпісаны летам мінулага году, а ягоная рэалізацыя была заплянаваная на канец мінулага — пачатак гэтага году.

Вайсковыя аналітыкі аднак перакананыя, што Беларусь ня мае пільнай неабходнасьці ў такіх комплексах. Нягледзячы на рост міжнароднага ціску на Лукашэнку пасьля ягонай сумнеўнай перамогі на прэзыдэнцкіх выбарах 19 сакавіка, ніхто ў сьвеце не разглядае патэнцыйнай магчымасьці атакаваць апошняга дыктатара Эўропы зь неба.

Часопіс далей згадвае пра студзеньскі візыт у Менск дэлегацыі высокапастаўленых іранскіх палітыкаў і вайскоўцаў. Паводле крыніцаў выданьня, пад час гэтага візыту абмяркоўвалася пастаўка зь Беларусі расейскіх супрацьпаветраных комплексаў С-330 SP, якія патрэбныя Ірану, каб абараніцца ад патэнцыйных удараў ЗША і Ізраіля.

Апошнім часам адносіны Ірану з Захадам рэзка абвастрыліся з-за ягонай спрэчнай ядзернай праграмы. Ракетныя комплексы патрэбныя Ірану, каб абараніць сетку сваіх падземных камунікацыяў і ядзерных лябараторыяў.

З другога боку Расеі, якая застаецца галоўным пастаўшчыком ядзерных тэхналёгіяў у Іран, і з-за гэтага мае шмат клопату ў перамовах з Захадам, выгадней прадаваць Ірану ракетныя комплексы не наўпрост, а праз ізаляваны беларускі рэжым, — піша Jane`s Defense Weekly. Бо Беларусь і так мае рэпутацыю пастаўніка зброі краінам, у дачыненьні якіх дзейнічаюць міжнародныя эмбарга.

Амэрыканскія аналітыкі пішуць, што любая прыкмета вельмі рызыкоўнага ракетнага кантракту Менску з Тэгеранам будзе пільна дасьледавацца з боку Захаду, а прэзыдэнт Расеі Ўладзімер Пуцін патрапіць пад моцны міжнародны ціск з патрабаваньнем заблякаваць пастаўкі ракетных комплексаў у Беларусь.

 


Валер Каліноўскі
Радыё Свабода