Сёньня, як і кожны месяц 16-га чысла, беларуская
моладзь правяла шэраг акцыяў, адзначаючы дзень салідарнасьці. У
Менску адбыўся пікет за вызваленьне Аляксандра Казуліна, пікет насупраць
будынку КДБ, а таксама пікет ля расейскай амбасады.
Каля расейскай амбасады сабралася больш за сотню чалавек. Маладыя
людзі трымалі ў руках сьвечкі як знак салідарнасьці з палітзьняволенымі.
Яны выказвалі свой пратэст супраць той падтрымкі, якую Уладзімір
Пуцін аказвае беларускаму рэжыму. За акцыяй назіралі прадстаўнікі
кіраўніцтва міліцыі.
Раней насупраць будынку КДБ адбыўся флэш моб: маладыя людзі запоўнілі
сквэр імя Дзяржынскага з асобнікамі беларускай Канстытуцыі, зь якой
яны ўголас чыталі артыкулы, што гарантуюць свабоду сходаў, мітынгаў,
свабоду выказваньняў. Удзельнікі таксама чыталі ўслых артыкулы з
Выбарчага кодэксу. Спэцназ і міліцыя ачапілі сквэрык, аднак, на
гэты раз абыйшлося без затрыманьняў.
Другі дзень у парку Дружбы народаў і ў лесапарку імя 50-годзьдзя
БССР стаяць пікеты ў абарону экс-кандыдата на прэзыдэнта Аляксандра
Казуліна.
Сёньня побач з актывістамі штабу Казуліна сталі людзі ў паўвайсковай
вопратцы. Яны раздавалі мінакам улёткі і трымалі плякаты «сёньня
— чорны эмігрант, заўтра — чорны акупант». Маёр міліцыі Савецкага
РУУС папярэдзіў казулінцаў, што побач зь імі адбудзецца пікет супраць
мігрантаў з краінаў Цэнтральнай Азіі і Блізкага Ўсходу. Упершыню
ў Беларусі адбыўся пікет такога кшталту.
Радыё Свабода
|