|   Сёньня ў Вільні адкрываецца выстава фотаздымкаў, 
              зробленых у Менску 19–25 сакавіка. Гэта шостая акцыя беларуска-літоўскай 
              салідарнасьці са зьніклымі і пацярпелымі ад рэпрэсіяў у Беларусі. 
             Выстава «Хроніка абуджэньня» ладзіцца ў віленскай галерэі на Зарэччы 
              «Галера» і будзе трываць да 23 красавіка. Гэтая галерэя належыць 
              да культурнай арганізацыі «Iнкубатар зарачанскага мастацтва» на 
              ўзьбярэжжы рэчкі Віленкі ў цэнтры старога места і вядомая сваімі 
              незвычайнымі імпрэзамі ў розных стылях, альтэрнатыўнымі мастацкімі 
              пэрфомансамі.  
            Выставу арганізуе Аб'яднаны цэнтар беларускіх ініцыятываў, які 
              ладзіў і ўсе папярэднія акцыі салідарнасьці ў Вільні. Паводле арганізатараў, 
              гэтая выстава — спроба паказаць падзеі ў Беларусі такімі, якімі 
              яны былі, бязь ніякіх выключэньняў. Арганізатарка выставы Вольга 
              Мяльгуй адзначае: «Фотаздымкі даюць магчымасьць паглядзець ў вочы 
              людзям, якія пераадолелі страх і палітычную апатыю». 
                      
             
              Тацяна Поклад 
              Радыё Свабода 
               
             
             
               
             |