|   Увечары 15-га красавіка віцебская моладзь зладзіла 
              флэш-моб на Усьпенскай горцы — на стромкім беразе Дзьвіны, каля 
              крыжа, усталяванага тут у гонар сьвятога пакутніка за веру Язафата 
              Кунцэвіча. 
             Удзельнікі акцыі дамовіліся паміж сабою празь віцебскі інтэрнэт-форум, 
              і сфармулявалі мэту палітычнага флэш-мобу наступным чынам: «15 хвілін 
              маўчаньня на знак пратэсту супраць уладаў і ўсяго, што яна рабіла 
              за апошні час, на знак жалобы і салідарнасьці з тымі, хто пацярпеў 
              ад рэпрэсіяў, на знак непрызнаньня вынікаў выбараў і ўдзелу ў іх 
              Лукашэнкі. Памятайма таксама, што 15-га красавіка — гэта Вялікая 
              Субота ў каталікоў, перад самым Вялікаднём. Зьвязваем у сваіх думках 
              уваскрасеньне Хрыста з адраджэньнем Радзімы і з вызваленьнем усіх 
              вязьняў сумленьня».  
            Каля сарака чалавек прыйшлі да крыжа а 9-й вечара і запалілі сьвечкі. 
              За іхнымі дзеяньнямі маўкліва назіралі пяцёра міліцыянтаў, яшчэ 
              некалькі службовых міліцэйскіх машын патрулявалі усе падыходы да 
              Усьпенскай горкі. Акцыя працягвалася 15-20 хвілін, пасьля чаго маладыя 
              людзі разышліся, і міліцыянты нікога не затрымалі. 
              
            Радыё Свабода 
             
             
               
             |