|   Заява 
               
              Праваабарончы цэнтр «Вясна» пратэстуе супраць таго, што крымінальны 
              перасьлед у сённяшняй Беларусі выкарыстоўваецца як сродак барацьбы 
              рэжыму Аляксандра Лукашэнкі з палітычнымі апанентамі і іншадумцамі. 
              Мы вымушаныя канстатаваць, што Крымінальны кодэкс Рэспублікі Беларусь 
              стаў інструментам для ажыццяўлення палітычных рэпрэсіяў у краіне. 
               
              На дадзены момант у турмах Беларусі па палітычных матывах пад вартай 
              знаходзяцца дзесяць чалавек, каля дзвух дзесяткаў чалавек праходзяць 
              у якасьці падазраваных і абвінавачваных па крымінальных справах, 
              узбуджаных падчас і пасьля кампаніі па выбарах Прэзідэнта. Сярод 
              арыштаваных — кандыдат у Прэзідэнты Рэспублікі Беларусь Аляксандр 
              Казулін, актывіст перадвыбарчага штабу А. Казуліна Юры Радзівіл, 
              актывісты перадвыбарчага штабу А. Мілінкевіча Сяргей Ляшкевіч і 
              Мікалай Разумаў, актывісты грамадзянскай ініцыятывы «Партнёрства» 
              Аляксандр Шалайка, Цімафей Дранчук, Эніра Браніцкая і Мікалай Астрэйка, 
              актывіст арганізацыі «Зубр» Мікіта Сасім, моладзевы актывіст Артур 
              Фінькевіч. 
               
              Асаблівую занепакоенасьць Праваабарончага цэнтру «Вясна» выклікае 
              лёс моладзевага актывіста Артура Фінькевіча, які з 30 студзеня 2006 
              году знаходзіцца пад вартай у СІЗА г. Мінска. А. Фінькевіч быў затрыманы 
              супрацоўнікамі міліцыі за напісаньне палітычных графіці ў г. Мінску. 
              Ён абвінавачваецца адразу па двух артыкулах Крымінальнага кодэксу 
              Рэспублікі Беларусь - ч.2 арт. 339 (злоснае хуліганства) і ч.3 арт. 
              218 (наўмыснае знішчэнне альбо пашкоджанне маёмасьці). Па апошнім 
              артыкуле Артуру пагражае пазбаўленне волі ад 7 да 12 гадоў, прычым 
              па дадзеным артыкуле вынясенне прысуду з адтэрміноўкай выкананання 
              не прадугледжваецца. Матэрыялы крымінальнай справы ўжо перададзеныя 
              ў суд, які павінен адбыцца на працягу наступнага месяца. Мы лічым 
              арышт Артура Фінькевіча палітычна матываваным, звязаным з ягонай 
              актыўнай грамадска-палітычнай дзейнасьцю.  
               
              Улічваючы сурьёзнасць абвінавачванняў у адрас актывістаў грамадска-палітычных 
              і моладзевых рухаў, Праваабарончы цэнтр «Вясна» заклікае: 
               
              грамадзянаў Беларусі — праявіць салідарнасьць з палітычнымі вязнямі; 
               
              прадстаўнікоў няўрадавых арганізацый і палітычных партыяў Беларусі 
              — выкарыстаць усе магчымыя механізмы, скіраваныя на прадухіленне 
              асуджэння беларускіх грамадзянаў па палітычных абвінавачаннях; 
               
              прадстаўнікоў міжнароднай супольнасці — выкарыстаць усе магчымыя 
              механізмы з мэтай аказаньня міжнароднага ціску на беларускі рэжым 
              дзеля прадухілення палітычнай расправы над апанентамі рэжыму ў Беларусі. 
               
             
               
             |