|   Першае паседжаньне Міжнароднага грамадзкага суду, 
              які разгледзіць абвінавачаньні на адрас рэжыму Аляксандра Лукашэнкі, 
              мяркуецца правесьці сёлета ў верасьні. Пра гэта падчас прэсавай 
              канфэрэнцыі ў Менску заявіў ініцыятар стварэньня такога суду, лідэр 
              Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька. 
             Паводле спадара Лябедзькі, разглядаецца некалькі варыянтаў месца 
              правядзеньня першага паседжаньня суду — Вільня, Кіеў, Варшава, Масква 
              і Менск. Падрыхтоўку абвінавачаньня ўжо пачалі дасьведчаныя юрысты. 
              Для гэтага будуць скарыстаныя таксама юрыдычныя дакумэнты групы 
              Віктара Ганчара і прэзыдыюму Вярхоўнага Савету 13 скліканьня.  
            (Лябедзька: ) «Яно будзе ўключаць, як мінімум, дзясяткі, максымум 
              — сотні эпізодаў, канкрэтных сытуацыяў. Падчас першага паседжаньня 
              будзе абавязковым разгляд антыканстытуцыйнага перавароту 1996 году, 
              выкраданьні й палітычныя забойствы, магчыма, падзеі 19—25 сакавіка 
              ў Менску. Асноўная місія грамадзкага суду — паказаць, якой ёсьць 
              прырода беларускага рэжыму. Трэба пазбаўляць людзей ня толькі ўнутры 
              Беларусі, а і за яе межамі ад мітаў, якія створаныя, ад ілюзіяў». 
             
            Ініцыятары ўжо заручыліся падтрымкай прэзыдэнта Літвы Валдаса Адамкуса 
              і разьлічваюць далучыць да працы Вацлава Гаўла, Леха Валэнсу, Аляксандра 
              Квасьнеўскага, вядомых расейскіх праваабаронцаў. Таксама мяркуецца 
              ўдзел міжнародных праваабарончых арганізацыяў «Amnestу International» 
              і «Human Rights Watch». Паводле спадара Лябедзькі, літоўскія дэпутаты 
              выказвалі прапанову перавесьці дзейнасьць суду ў рамкі Рады Эўропы. 
              Анатоль Лябедзька не выключае, што матэрыялаў суду можа хапіць для 
              разгляду ў міжнародным трыбунале.  
            (Лябедзька: ) «Гэта будзе ў фармаце слуханьняў, куды будуць запрашацца 
              розныя бакі. Безумоўна, што позва будзе накіраваная і Лукашэнку. 
              Па іншых справах — Шэйману, Навумаву, Сівакову. Будзе вынесенае 
              рашэньне не прамога дзеяньня. Усё гэта будзе фармаваць грамадзкую 
              думку ўнутры краіны і за яе межамі. Нішто не забыта, і ніхто не 
              забыты. Усё гэта спатрэбіцца ўжо ў працэсах грамадзянскіх, якія 
              пачнуцца ў самой Беларусі».  
            Паводле спадара Лябедзькі, суд будзе выносіць рашэньні прававога, 
              палітычнага і маральнага характару. Акрамя таго, партыйцы выказаліся 
              за стварэньне грамадзянскай ініцыятывы «Салідарнасьць дзеля свабоды», 
              мэта якой — вызваленьне ўсіх палітвязьняў.  
            (Лябедзька: ) «Мы маем намер накіраваць зварот да кожнага зь лідэраў 
              васьмёркі, каб беларускае пытаньне было пастаўлена на парадак дня 
              паседжаньня саміту, які адбудзецца ў Санкт-Пецярбургу, і каб складовай 
              часткай было вызваленьне палітычных вязьняў у Беларусі». 
              
            Радыё Свабода 
             
             
               
             |