ЗША заклікаюць беларускія ўлады вызваліць усіх палітзняволеных
19 апреля 2006

Амбасада Злучаных Штатаў Амерыкі вітае доўгачаканае вызваленне 14 красавіка Міхаіла Марыніча, які амаль два гады знаходзіўся ў турме па яўна сфабрыкаваных і палітычна матываваных абвінавачаннях. Злучаныя Штаты асуджалі і працягваюць асуджаць арышт, абвінавачанне і ўтрыманне за кратамі спадара Марыніча як беспадстаўнае і абуральнае парушэнне ягоных правоў як чалавека і грамадзяніна. Адначасова Злучаныя Штаты адзначаюць, што ўрад Беларусі працягвае арыштоўваць і ўтрымліваць у турмах надзвычай вялікую колькасць грамадзян Беларусі за іх мірную палітычную дзейнасць.

Злучаныя Штаты заклікаюць беларускія ўлады неадкладна вызваліць усіх палітычных зняволеных, у тым ліку кандыдата ў прэзідэнты Аляксандра Казуліна і актывістаў грамадзянскай супольнасці з арганізацыі «Партнёрства».

Злучаныя Штаты таксама заклікаюць урад Беларусі пазбягаць рэпрэсіўных дзеянняў супраць сваіх грамадзян і прытрымлівацца міжнародных і маральных абавязацельстваў па забеспячэнні іх канстытуцыйнага права на свабоду слова, самавыяўлення і аб’яднанняў.