ЗША заклікаюць абмеркаваць сытуацыю ў Беларусі на саміце G-8
21 апреля 2006

Злучаныя Штаты заклікаюць унесьці пытаньне аб сытуацыі ў Беларусі ў парадак дня саміту «вялікай васьмёркі» (G-8), што мае адбыцца ў ліпені ў Санкт-Пецярбургу. Пра гэта перадае агенцтва «Ройтэрс» са спасылкай на намесьніка дзяржсакратара ЗША Нікаласа Бэрнса.

«У парадку дня, які мы прапанавалі, значацца пытаньні, якія тычацца канфліктаў, што адбываюцца вельмі блізка да межаў Расіі», — заявіў Бэрнс пасьля кансультацый палітычных дырэктараў краін "васьмёркі» ў Маскве.

У расейскім пляне работы падчас саміту няма пытаньняў, зьвязаных з краінамі-суседзямі.

Нагадаем, Расея была запрошаная да форуму лідэраў вядучых краін, удзельнікамі якога зьяўляюцца Вялікая Брытанія, Італія, Канада, ЗША, Нямеччына, Францыя і Японія, у 1997 годзе. Ад 1 студзеня 2006 году яна ўпершыню старшынюе ў гэтай групе і прымае саміт на сваёй тэрыторыі.

 

Радыё Свабода