|   Польскі Зьвяз на карысьць дэмакратыі ў Беларусі 
              пачаў акцыю «Свабоду Мікіту Сасіму», якая палягае ў высылцы як мага 
              большай колькасьці лістоў зьняволенаму актывісту руху «Зубр». 
             Зьвяз на карысьць дэмакратыі ў Беларусі распаўсюдзіў заяву, у 
              якой гаворыцца, што Мікіта Сасім, які ў часе акцыі пратэсту замест 
              адабранага ў яго міліцыянтамі бел-чырвога-белага сьцягу ўзьняў над 
              галавой джынсавую кашулю — а джынс цяпер стаў сымбалем супраціву 
              рэжыму Лукашэнкі — плаціць за гэта вялікую цану.  
            «Яго моцна зьбілі супрацоўнікі АМОНу, так што Мікіта патрапіў у 
              шпіталь... а цяпер за апазыцыйную дзейнасьць яму пагражае да 3 гадоў 
              турэмнага зьняволеньня — хаця фармальна абвінавачаньні іншыя. 
              Мы ведаем, што ў гэтай цяжкай для яго сытуацыі любая падтрымка звонку 
              дадае сілаў і можа падтрымаць дух», — адзначаецца ў заяве 
              з заклікам пісаць лісты да Мікіты ў Баранавіцкае СІЗА.  
            Паводле намесьніка старшыні Зьвязу Віталя Лоцманава, такая акцыя 
              можа быць эфэктыўнай.  
            (Лоцманаў: ) «Мы хочам, каб улады адчулі ўціск. Такія акцыі маюць 
              сэнс — гэта вядома з досьведу «Салідарнасьці», калі палітвязьняў 
              завальвалі вялізнай колькасьцю лістоў з Захаду. Часам улады альбо 
              злагоджвалі ім умовы, альбо ўвогуле выпускалі з турмаў».  
            Лісты ў СІЗА, дзе знаходзіцца Мікіта Сасім — гэта не адзіная 
              акцыя ў справе вызваленьня актывіста «Зубра». Пра іншыя акцыі прадстаўнікі 
              Зьвязу на карысьць дэмакратыі ў Беларусі, аднак, пакуль не гавораць. 
             
            (Лоцманаў: ) «Будуць, канешне яшчэ іншыя акцыі, але пра іх казаць 
              пакуль заўчасна — не надышоў пакуль момант на чарговы этап 
              акцыяў у справе Мікіты». 
              
            Аляксей Дзікавіцкі 
              Радыё Свабода 
             
             
               
             |