У Менску зацьверджана стратэгія дзеяньняў апазыцыі

25.04.2006

24 красавiка на паседжаньні палітычнай рады дэмакратычных сілаў была зацьверджаная стратэгія дзеяньняў аб’яднанай апазыцыі на наступнага паўтара году, а таксама заяўлена аб стварэньні палітычнай кампаніі руху «За свабоду». Пра гэта абвесьціць 26 красавіка падчас «Чарнобыльскага шляху» лідэр аб’яднанай апазыцыі Аляксандар Мілінкевіч.

Аб’яднаныя дэмакратычныя сілы абвяшчаюць палітычную кампанію руху «За свабоду”. Мяркуецца, што да яе далучацца дэмакратычныя арганізацыі, якія ўдзельнічалі ў Кангрэсе дэмакратычных сілаў, а таксама тыя арганізацыі, грамадзянскія ініцыятывы і проста людзі, якія абудзіліся да грамадзкай актыўнасьці падчас сакавіцкіх маніфэстацыяў і выбарчай кампаніі. Сярод тых, каго запрашаюць далучыцца да палітычнай кампаніі, Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя (Грамада) і рух «Зубр».

Кіраўнік партыі БНФ Вінцук Вячорка гаворыць пра асноўную мэту кампаніі:

(Вячорка: ) «Палітычнае патрабаваньне – правядзеньне свабодных і справядлівых выбараў. І плян павінен быць агучаны ў асноўных рысах 26 красавіка на адной з апошніх масавых акцыяў у найбліжэйшы час».

На палітычнай радзе дэмакратычных партыяў была прызнаная задавальняльнай праца падчас выбарчай кампаніі штабу кандыдата аб’яднаных дэмакратычных сілаў на чале зь Сяргеем Калякіным. Што да пляну дзеяньняў на паўтара году, то палітрада зыходзіць з таго, што на пачатку 2007 году ў Беларусі можа здарыцца эканамічны крызіс, зьвязаны з падвышэньнем кошту на расейскі, а таму аб’яднаная апазыцыя павінна выпрацаваць сваю антыкрызісную праграму.

Вінцук Вячорка працягвае:

(Вячорка: ) «У тым выпадку, калі ўлада не ідзе на выкананьне неабходных антыкрызісных крокаў, гэта дае нам права рыхтавацца да шэрагу масавых акцыяў, сярод якіх, відавочна, і вулічныя акцыі, і страйкі, і іншыя формы мірнага пратэсту арыентацыйна ўвесну 2007 году».

Палітычная рада зацьвердзіла агульныя палажэньні стратэгіі дзеяньняў аб’яднаных дэмакратычных сілаў на наступнага паўтара году.

 

Радыё Свабода