|   У экспазыцыі пад назвай «Воблака» прадстаўлена 
              26 твораў жывапісу, графікі і дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва 
              ўдзельнікаў творчай супольнасьці «Пагоня» Беларускага саюза мастакоў, 
              прысьвечаная 20-годдзю катастрофы на Чарнобыльскай АЭС. Адзін з 
              ініцыятараў творчай акцыі, жывапісец Аляксей Марачкін экспануе сваё 
              палатно «Воблака», напісанае ў 1984 годзе — за два гады да Чарнобыля. 
              Мастак паказаў фантастычнай формы воблака, з якога на зямлю спусьцілася 
              нейкая бяздушная мэханічная істота з мноствам учэпістых канечнасьцей 
              і драпежным дзюбай, якая пакідае за сабой спустошаную апаленую прастору. 
             У інтэрвію БелаПАН А.Марачкін зазначыў, што «сымбалічная назва 
              выставы нагадвае пра радыяцыйнае воблака, якое 20 гадоў таму накрыла 
              Беларусь». Мастак мяркуе, што чарнобыльская трагедыя адбылася не 
              толькі з-за галавацяпства і чыста тэхнічных памылак, але і ў нейкай 
              ступені зьяўляецца Божай карай за чалавечыя грахі.  
            Свае работы прадставілі на выставе жывапісцы Віктар Шматаў («Пахаваньне 
              вёскі», «Вясна ў чарнобыльскай зоне», «Старая хатка») і Георгій 
              Скрыпнічэнка («Палешукі! Як справы? Выдатна», «Памяркоўны», «Бацькам 
              на Палесьсі»), а таксама графік Уладзімір Крукоўскі (трыпціх плякатаў 
              «Жыльлё», «Жыцьцё», «Культура»). Жывапісец Генадзь Драздоў, чыя 
              родная вёска ў Гомельскай вобласці адселена, прадставіў палотны 
              «У вырай» і «Разьвітальная сьвечка». Свае работы дэманструюць чарнобыльцы-ліквідатары 
              Ігар Марачкін і Лявон Грышук.  
              
             
              Радыё Свабода 
             
             
               
             |