|   Літоўскіх парлямэнтароў не пусьцілі ў Беларусь. 
              Амбасада Беларусі ў Літве адмовіла ў візах літоўскім парлямэнтарам, 
              якія зьбіраліся ў Беларусь на мерапрыемствы, прысьвечаныя 20-м угодкам 
              Чарнобыльскай катастрофы. 
             Беларускія ўлады не дазволілі прыехаць у краіну тром літоўскім 
              парлямэнтарам — прадстаўнікам кіруючай кааліцыі Скірмантасу Пабедзінскасу 
              і сацыял-дэмакрату Альгірдасу Палецкісу, а таксама Аўдронісу Ажубалісу, 
              прадстаўніку парлямэнцкай апазыцыі і сябру парлямэнцкай групы «За 
              дэмакратычную Беларусь».  
            Інфармацыйнае агенцтва «Дэльфі» паведаміла, што парлямэнтары зьвярнуліся 
              па візы ў амбасаду Беларусі ў Літве загадзя, два тыдні таму, але 
              дасюль ня мелі ніякага адказу. Толькі сёньня раніцай, перад самым 
              плянаваным ад'ездам яны атрымалі паведамленьне амбасады Беларусі, 
              што ім не дазволяць прыехаць у краіну.  
            С.Пабедзінскас з партыі працы адзначае з іроніяй:  
            (Пабедзінскас: ) «Напэўна Лукашэнка падумаў, што гэты візыт можа 
              ўплываць на нацыянальную бясьпеку. Паколькі ў Беларусі чакаецца 
              мітынг, напэўна, улады ня жадаюць, каб прадстаўнікі Літвы былі там». 
             
            Парлямэнтары зь Літвы плянавалі ўдзельнічаць у афіцыйных мітынгах 
              і мерапрыемствах, а таксама ў амбасадзе Літвы ў Менску сустрэцца 
              зь літоўцамі, якія жывуць у Беларусі.  
            С.Пабедзінскас і А.Ажубаліс былі ў ліку парлямэнтароў, якім не 
              дазволілі прыехаць назіральнікамі на выбары 19 сакавіка без тлумачэньня 
              прычынаў. Гэтым разам амбасада Беларусі ў Літве таксама не паведаміла, 
              на якіх падставах літоўскім дэпутатам адмовілі ў візах. 
             
               
              Тацяна Поклад 
              Радыё Свабода 
             
               
             |