|   25 красавіка былі згорнутыя намёты каля амбасады 
              Беларусі ў Варшаве, якія прастаялі там паўтары месяцы — актывісты 
              Саюза на карысьць дэмакратыі ў Беларусі з намётаў перабраліся ў 
              офіс, дзе адкрылі Беларускі інфармацыйны пункт. 
             Намёт каля амбасады Беларусі ў Варшаве быў усталяваны 14 сакавіка 
              перадусім дзеля таго, каб інфармаваць палякаў пра апошнія падзеі 
              ў Беларусі і каардынаваць шматлікія акцыі пратэсту, што адбываліся 
              ў тыя дні каля будынку пасольства.  
            (Славамір: ) «Былі такія моманты, калі я пачаў сумнявацца, але 
              неяк перажыў усё і надалей упэўнены, што быў тут у слушнай справе. 
              Мы яшчэ не скончылі змаганьне, гэта была толькі адна бітва», — сказаў 
              нашаму радыё 35-гадовы актывіст Зьвязу на карысьць дэмакратыі ў 
              Беларусі Славамір, які дзяжурыў у намётах ад самога пачатку.  
            Цягам гэтага часу намёты наведалі шмат вядомых людзей — прадстаўнікі 
              ўраду, кіраўнікі польскага Сэйму і Эўрапейскага парлямэнту. Жыхарам 
              намётаў дапамагалі і звычайныя палякі — жыхары суседніх дамоў прыносілі 
              ім гарачую ежу.  
            Адзін зь лідэраў Зьвязу на карысьць дэмакратыі ў Беларусі Віталь 
              Лоцманаў кажа, што акцыя каля пасольства прайшла пасьпяхова:  
            (Лоцманаў: ) «Тое, што тут адбывалася, мела вялікі розгалас ня 
              толькі ў Польшчы, але і ў іншых краінах Эўразьвязу — да беларускага 
              пытаньня была прыцягнутая вялікая ўвага». 
            Спадар Лоцманаў кажа, што «Амбасада свабоднай Беларусі» — а менавіта 
              так называлі намёты каля пасольства — не спыняе сваю дзейнасьць. 
              Згарнуўшы намёты, актывісты Зьвязу пераехалі ў офіс у Варшаве, дзе 
              быў адкрыты незалежны Беларускі інфармацыйны пункт.  
            (Лоцманаў: ) «Сюды змогуць прыйсьці беларускія студэнты, іншыя 
              грамадзяне Беларусі, атрымаць сьвежую інфармацыю зь Беларусі, інфармацыю, 
              якой няма ў афіцыйных СМІ. Мы будзем дапамагаць выконваць стыпэндыяльную 
              праграму для студэнтаў, дапамагаць, як можам».  
            Памяшканьне для дзейнасьці пункту пагадзілася выдзеліць дэпутат 
              Сэйму ад кіруючай партыі “Права і справядлівасьць” Малгажата Гасеўска. 
             
            (Гасеўска: ) «Скажу так —– калісьці дапамагалі нам і цяпер мы адчуваем 
              абавязак дапамагаць тым, у каго свабоды і дэмакратыі няма. Я была 
              ў Беларусі і бачыла, як людзі там патрабуюць ня толькі нейкіх матэрыяльных 
              рэчаў, але менавіта звычайнай свабоды».  
            Ужо ў бліжэйшыя дні інфармацыйны пункт пачне працаваць у нармальным 
              рэжыме — у працоўныя гадзіны тут можна будзе атрымаць інфармацыйныя 
              матэрыялы, паразмаўляць з кансультантам.  
            Адрас беларускага інфармацыйнага пункту ў Варшаве: вуліца Вашынгтона, 
              30/36. 
              
            Аляксей Дзікавіцкі,  
              Радыё Свабода 
             
             
               
             |