|   Сустаршыню незарэгістраванай арганізацыі «Малады 
              фронт» Зьмітра Дашкевіча арыштавалі на 14 сутак. Яго абвінавацілі 
              ва ўдзеле ў несанкцыянаваных мітынгах і шэсьці 26 красавіка. Зьміцер 
              — пяты арыштаваны ўдзельнік «Чарнобыльскага шляху» . 
             Зьміцер Дашкевіч сам прыйшоў у аддзел міліцыі. Там на яго ўжо 
              былі падрыхтаваныя паперы для перадачы справы ў суд. Пасьля таго, 
              як Зьміцер паставіў свой подпіс на адміністрацыйным пратаколе, хлопца 
              адвялі ў суд, які знаходзіцца побач зь міліцыяй.  
            Спэцназаўцы ўжо былі ў будынку суду і не пускалі туды паплечнікаў 
              Дашкевіча. Пасьля скаргаў і тэлефанаваньняў у Вярхоўны Суд маладафронтаўцам 
              і журналістам дазволілі прысутнічаць на паседжаньні.  
            Зьміцер Дашкевіч не адмаўляў, што браў удзел у акцыі. Ён заявіў, 
              што заклікаў людзей прайсьці ад Акадэміі навук да капліцы на вуліцу 
              Карастаянавай па маршруце, які быў дазволены ўладамі.  
            Судзьдзя Аляксандар Карпінчык ня стаў абвяшчаць перапынку для вынясеньня 
              прысуду і адразу агучыў пастанову суду: 14 сутак арышту. Судзьдзя 
              папрасіў спэцназаўцаў адвезьці Зьмітра, а ўсе неабходныя паперы 
              забраць пазьней. Міліцыянты не далі падысьці да Зьмітра ягоным паплечнікам 
              і журналістам. Яны хутка пацягнулі яго ўніз па сходах і зачынілі 
              ў памяшканьні, дзе трымаюць падсудных у крымінальных справах.  
            Паплечнікі Зьмітра Дашкевіча з абурэньнем успрынялі прысуд. Гаворыць 
              Барыс Гарэцкі:  
            (Гарэцкі: ) «Малады фронт» абураны такім рашэньнем суду. Дашкевіч 
              прызнаў у судзе, што ўдзельнічаў у зборы людзей на Акадэміі навук 
              і заклікаў людзей прайсьці да Чарнобыльскай капліцы, якая знаходзіцца 
              на плошчы Бангалор. Безумоўна, гэта палітычны прысуд. Зьмітра Дашкевіча 
              пасадзілі на 14 сутак, каб ён ня мог удзельнічаць у працы дэмакратычных 
              сілаў, каб ён ня мог удзельнічаць у акцыі 1 траўня, на якую зьбіраецца 
              «Малады фронт» . Усё адно, моладзь гэтым не запалохаць, і мы выйдзем 
              на акцыю 1 траўня» .  
            Паплечнік Зьмітра Дашкевіча, актывіст незарэгістраванай арганізацыі 
              «Малады фронт” Зьміцер Хведарук дадаў:  
            (Хведарук: ) «Усе гэтыя суды працягваюцца толькі дзеля таго, каб 
              запалохаць моладзь, каб моладзь не выходзіла на вуліцы й не пратэставала 
              супраць гэтага рэжыму. Але Зьміцер Дашкевіч і ўвесь “Малады фронт” 
              паказваюць усёй краіне, што арыштам аднаго чалавека моладзь не спыніць. 
              Свабода ня спынецца ад арышту аднаго чалавека».  
            Зьміцер Дашкевіч — пяты арыштаваны ўдзельнік Чарнобыльскага шляху. 
              27 красавіка арыштавалі Аляксандра Мілінкевіча, Сяргея Калякіна, 
              Вінцука Вячорку і Аляксандра Бухвостава.  
            Супрацоўнікі міліцыі шукаюць Віктара Івашкевіча, Анатоля Ляўковіча 
              і Віктара Карняенку. Яны выступалі на мітынгу каля прэзыдыюму Акадэміі 
              навук. Паводле міліцыянтаў, гэта сьведчыць пра іхны актыўны ўдзел 
              у апазыцыйнай акцыі.  
             
             
             
              
            Любоў Лунёва 
              Радыё Свабода 
             
             
               
             |