|   27 красавiка ў цэнтры Кіева на Міхайлаўскай плошчы 
              адбылася акцыя салідарнасьці з удзельнікамі менскага «Чарнобыльскага 
              шляху». 
             У акцыі ўдзельнічалі каля двух дзясяткаў чалавек. Пачалася яна 
              са своеасаблівага паўтору акцыі салідарнасьці 16 красавіка: маладыя 
              людзі селі на зямлю ля помніка ахвярам галадамору і разгарнулі ўкраінскія 
              газэты, у якіх былі замазаныя чорным маркерам цэлыя абзацы. Мінакам 
              яны казалі, што менавіта так выглядае свабода слова ў Беларусі. 
             
            Калі пачало цямнець, удзельнікі акцыі запалілі сьвечкі салідарнасьці. 
              Адзін з арганізатараў акцыі Аляксандар Алфёраў сьцьвярджае: асноўнай 
              мэтай было паказаць, што Чарнобыль — гэта ня толькі ўкраінская, 
              але і беларуская праблема. Акрамя таго, беларускія ўлады дагэтуль 
              ня вызналі сапраўдных памераў чарнобыльскае катастрофы.  
            (Алфёраў: ) «Калі ўвесь цывілізаваны сьвет памятае пра чарнобыльскую 
              катастрофу як пра агульначалавечую бяду, апошні генацыд у Савецкім 
              Саюзе, калі яе вызнаюць ува ўсім сьвеце, у Беларусі наступствы Чарнобылю 
              дагэтуль не прызнаныя. Людзям ня кажуць усёй праўды, селяць іх на 
              забрудненых тэрыторыях. Сёньня ў Менску адбываецца «Чарнобыльскі 
              шлях» і зь ім салідарнае мноства людзей, тут, у Кіеве, у Эўропе, 
              ува ўсім сьвеце».  
            У акцыі ўдзельнічалі і беларусы, якія хаваюцца ў Кіеве ад перасьледу 
              беларускае ўлады. Распавядае Юля, сябра гомельскага моладзевага 
              цэнтру «Гарт»:  
            (Юля: ) «Уражаньні ад акцыі засталіся вельмі станоўчыя, вельмі 
              прыемна, што ўкраінцы падтрымліваюць нас маральна. Маральная падтрымка 
              для нас сёньня — гэта галоўнае. Хачу падзякаваць ня толькі ўкраінцам, 
              якія ладзяць такія акцыі тут, у Кіеве, але і тым, якія паехалі на 
              «Чарнобыльскі шлях» у Менск і якіх сёньня затрымалі».  
            Падчас акцыі стала вядома пра затрыманьне на мітынгу ў Менску ўкраінскіх 
              актывістаў. Удзельнікі акцыі са сьмехам заўважылі, што гэта ня спыніць 
              маладых украінцаў у іх жаданьні дапамагаць беларускім сябрам.  
             
              
            Павло Зуб'юк 
              Радыё Свабода 
            
               
               
             |