Арышт і асуджэньне лідэра беларускай апазыцыі 
                      Аляксандра Мілінкевіча і ягоных паплечнікаў Вінцука Вячоркі, 
                      Сяргея Калякіна і Аляксандра Бухвостава выклікала рэзка 
                      нэгатыўную рэакцыю ў сьвеце. 
                     Дзяржаўны сакратар ЗША Кандаліза Райс, знаходзячыся ў 
                      Сафіі, асудзіла «ганебны» арышт і асуджэньне Аляксандра 
                      Мілінкевіча. «Злучаныя Штаты рэзка асуджаюць гэты акт і 
                      шчыра спадзяюцца, што беларускі ўрад успрыме меркаваньне 
                      міжнароднай супольнасьці», — зазначыла Кандаліза Райс. Яна 
                      заклікала беларускія ўлады ставіцца да палітычнай апазыцыі 
                      ў адпаведнасьці з міжнароднымі прынцыпамі.  
                    Генэральны саратар НАТО Яп дэ Гоп Схефэр таксама заявіў, 
                      што арышт Мілінкевіча зьяўляецца «непрымальным». «Я заклікаю 
                      рэжым у Менску неадкладна яго вызваліць. Эўраатлянтычная 
                      супольнасьць ня можа гэта ўспрыняць», — заявіў генэральны 
                      сакратар НАТО.  
                    Эўразьвяз, які нядаўна ухваліў візавыя санкцыі супраць 
                      А. Лукашэнкі і вышэйшых чыноўнікаў, выступіў з пагрозай 
                      новых захадаў супраць беларускага рэжыму. Прадстаўнік Эўракамісіі 
                      Эма Удвін жорстка асудзілі любыя арышты ў Беларусі паводле 
                      палітычных матываў.  
                    Пра магчымасьць новых санкцыяў заявілі і ў Злучаных Штатах, 
                      прэсавы сакратар Дзярждэпартамэнта Адам Эрэлі зазначыў, 
                      што ЗША вывучаюць магчымасьці дадатковага ціску на вінаватых 
                      за гэтыя неправавыя дзеяньні ў Беларусі.  
                    Міністар замежных справаў Канады Пітэр Мак-Кэй таксама 
                      залікаў беларускія ўлады неадкладна вызваліць Аляксандра 
                      Мілінкевіча: «Канада асуджае арышт і зьняволеньне спадара 
                      Мілінкевіча толькі за тое, што ён скарыстаўся дэмакратычным 
                      правам на мірную дэманстрацыю. Гэта чарговы прыклад таго, 
                      як беларускі рэжым забараняе свабоду і дэмакратыю ў краіне,», 
                      — заявіў Пітэр Мак-Кэй ад свайго імя і ад імя прэм’ер-міністра 
                      Канады.  
                    Міжнародныя інфармагенцтвы нагадваюць, што раней Атава 
                      адмовіла ў пасадцы на дазапраўку самалёта беларускага прэм’ера 
                      Сяргея Сідорскага і абмежавала афіцыйныя адносіны зь Менскам. 
                     
                    Міністар замежных справаў Бэльгіі Карэл дэ Гухт, які зьяўляецца 
                      дзейным старшынём АБСЭ, залікаў да неадкладнага вызваленьня 
                      Мілінкевіча і ягоных прыхільнікаў, выказаўшы «жорсткае асуджэньне» 
                      іхных арыштаў: «Падобная акцыя зьўляецца чарговай дэманстрацыяй 
                      непавагі Беларусьсю дэмакратычных каштоўнасьцяў, уключна 
                      са свабодай выказваньняў і сходаў. Апазыцыйныя лідэры павінны 
                      быць пазбаўленыя ад несправядлівых арыштаў і свавольства 
                      ўладаў», — заявіў дзейны старшыня АБСЭ.  
                    Патрабаваньне аб вызваленьні лідэраў беларускай апазыцыі, 
                      арыштаваных за ўдзел у дазволенай дэманстрацыі, прагучала 
                      таксама ў Бэрліне, міністар замежных справаў Нямеччыны Франк-Вальтэр 
                      Штайнмаер назваў дзеяньні беларускіх уладаў «спробай запалохаць 
                      і прымусіць замаўчаць беларускую апазыцыю, што аддаляе беларускія 
                      ўлады не толькі ад эўрапейскіх каштоўнасьцяў, але і ад уласных 
                      грамадзян». Дзеяньні беларускіх уладаў таксама асудзілі 
                      ў Літве, Польшчы і іншых краінах сьвету. 
                     
                     
                      Радыё Свабода 
                    
                     
                     
                     
                     
                     |