|   Таксама не дазволенае шэсьце ад Акадэміі навук 
              да месца правядзеньня мітынгу. Матывы адмовы чыноўнікі не паведамілі. 
              Але арганізатары апазыцыйнай маёўкі гавораць, што нягледзячы на 
              перашкоды, акцыя супраць кантрактнай сыстэмы і за вызваленьне палітычных 
              вязьняў пройдзе ў задуманым фармаце. 
             Пасьля арышту ды зьняволеньня лідэраў дэмакратычнай апазыцыі Аляксандра 
              Мілінкевіча, Сяргея Калякіна, Вінцука Вячоркі, Аляксандра Бухвостава 
              і Зьмітра Дашкевіча справу арганізацыі маёўкі 1 траўня пераняў намесьнік 
              першага сакратара Партыі камуністаў Валер Ухналёў. Улады не дазваляюць 
              людзям 1 траўня сабрацца на пляцоўцы каля Акадэміі навук каб адтуль 
              прайсьці на Бангалор. Тым ня менш, Валер Ухналёў гаворыць, што акцыя 
              ў Дзень працы пройдзе у заплянаваным фармаце:  
            (Ухналёў: ) «Акцыя будзе праходзіць у тым фармаце, як мы і дамовіліся 
              спачатку. Нягледзячы на тое, што Менгарвыканкам адмовіў нам у правядзеньні 
              дэманстрацыі, мы заклікаем людзей прыйсьці на пляцоўку каля Акадэміі 
              навук. Адтуль мы арганізавана правядзем людзей на плошчу Бангалор, 
              дзе адбудзецца мітынг. Мы не мяняем фармату і зьбіраемся аб 11-й 
              гадзіне каля Акадэміі навук і да 12-ай мы пройдзем па Сурганава 
              да канцэртнай пляцоўцы на плошчы Бангалор, дзе адбудзецца мітынг. 
              Мы нічога не мяняем і распаўсюджваем свае матэрыялы у якіх гаворыцца 
              каб людзі прыходзілі на пляцоўку каля Акадэміі навук».  
            (Карэспандэнт: ) «Валер, скажыце, які будзе фармат акцыі на плошчы 
              Бангалор? Чаго будуць патрабаваць удзельнікі гэтай акцыі?»  
            (Ухналёў: ) «Калі мы падавалі заяўку на правядзеньне акцыі то асноўнай 
              тэмай быў пратэст супраць кантрактнай сыстэмы. Гэтая тэма будзе 
              гучаць, але сёньня лідэры сядзяць у турме, таму асноўнай будзе тэма 
              салідарнасьці зь імі. І з тымі людзьмі, якія сёньня змагаюцца па 
              ўсёй краіне і трапляюць пад рэпрэсіі. Мы будзем патрабаваць вызваліць 
              палітычных вязьняў».  
            Нічым не матывуючы, менскія ўлады не дазволілі правесьці 1 траўня 
              на Бангалор канцэрт. Але Валер Ухналёў гаворыць, што ніхто не забароніць 
              людзям, што прыйдуць на маёўку, засьпяваць са сцэны пад гітару. 
             
               
              Радыё Свабода 
               
               
             |