Напярэдадні ўсясьветнага дня свабоды друку — 3
траўня — амэрыканская арганізацыя «Freedom House» абнародавала свой
штогадовы агляд становішча СМІ ў сьвеце. Паводле гэтага дасьледаваньня,
Беларусь знаходзіцца на 185 месцы паводле ступені свабоды мэдыяў
са 194-х дзяржаваў сьвету.
Паводле аўтараў дакладу, сытуацыя ў галіне свабоды слова ў Беларусі
застаецца вельмі кепскай, гэтак жа як у Экватарыяльнай Гвінэі, Эрытрэі
і Зымбабвэ. Характэрнымі рысамі для гэтых краінаў зьяўляецца юрыдычны
ціск, зьняволеньні і іншыя формы здушэньня свабоды слова, якія ўжываюць
аўтарытарныя ўлады гэтых краінаў супраць незалежных мэдыяў.
Значных зьменаў да горшага ў Беларусі экспэрты «Freedom House»
не адзначаюць — бо паводле іх сытуацыя і раней была вельмі кепскай.
Найбліжэйшая ў сьпісе да Беларусі эўрапейская краіна — гэта Расея,
якая знаходзіцца ўсё ж на 158-м месцы, а Беларусь — на 185-м.
Горш, чым у Беларусі, умовы для дзейнасьці свабодных мэдыяў, толькі
ў такіх краінах, як Узбэкістан, Зымбабвэ, Эрытрэя, Бірма, Куба,
Лібія, Туркмэністан і Паўночная Карэя.
Паводле «Freedom House» становішча ў пяці апошніх краінах у параўнаньні
зь мінулым годам яшчэ пагоршылася, незалежныя мэдыі ў іх фактычна
адсутнічаюць як зьява.
Экспэрты «Freedom House» паводле адмысловай мэтодыкі падлічваюць
рэйтынгі свабоды друку і падзяляюць краіны на тры групы — свабодныя,
часткова свабодныя і несвабодныя. Рэйтынг вар'юецца ад 0 — абсалютна
свабодны друк да 100 — абсалютна несвабодны друк. Беларусь мае рэйтынг
88 і знаходзіцца сярод несвабодных краінаў.
Найбольш свабодныя мэдыі маюць паводле дакладу Фінляндыі і Ісьляндыя
— іх рэйтынгі роўныя 9. Дарэчы, Злучаныя Штаты паводле ацэнкі амэрыканскага
цэнтру «Freedom House» знаходзяцца толькі на 17-м месцы з рэйтынгам
16.
У дакладзе адзначаецца пагаршэньне становішча са свабодай друку
ў шэрагу важных краінаў: у Азіі гэта Ўсходні Тымор, Нэпал, Філіпіны
і Тайлянд, у Афрыцы — Уганда, Батсвана і Этыёпія, сярод краінаў
былога СССР — Узбэкістан і Расея.
Выканаўчы дырэктар «Freedom House» Джэніфэр Віндзар гаворыць пра
горкую іронію часу, паводле якой здушэньне расейскай свабоды слова
адбываецца ў гадавіну Чарнобыльскай катастрофы, падзеі, якая надзвычай
яскрава адлюстравала ступень свабоды слова ў СССР.
Юры Дракахруст
Радыё Свабода
|