|   Учора падчас пасяджэньня Генэральнай асамблеі Арганізацыі 
              аб'яднаных нацыяў было абрана 47 членаў новай Рады ААН ў правох 
              чалавека. Беларусі ў яе складзе няма. 
             У сакавіку 2006 года было прынятае рашэньне аб замене ранейшай 
              Камісіі ў правох чалавека Радай. Камісію часта крытыкавалі за тое, 
              што ў яе склад уваходзяць прадстаўнікі краін, дзе парушаюцца правы 
              чалавека, у прыватнасьці — Беларусі, Кітая, Зымбабвэ і Судана.  
            Зь іншага боку, камісія нярэдка выступала з крытыкай становішча 
              з правамі чалавека ў гэтых краінах. Напрыклад, тры апошнія гады 
              камісія штогод прымала рэзалюцыі з рэзкай крытыкай сытуацыі ў Беларусі. 
              У прыватнасьці, у леташняй рэзалюцыі камісіі «выказвалася заклапочанасьць 
              у сувязі з магчымай датычнасьцю высокапастаўленых службовых асобаў 
              Беларусі да зьнікненьня лідэраў апазыцыі і журналіста Зьмітра Завадзкага, 
              занепакоенасьць працэсам арганізацыі і правядзеньня выбараў у Беларусі, 
              адвольнымі арыштамі і затрыманьнямі, перасьледам і закрыцьцём няўрадавых 
              арганізацыяў, незалежных мэдыяў і апазыцыйных палітычных партыяў». 
             
            Дарэчы, тэкст менавіта гэтай рэзалюцыі камісіі ААН у правох чалавека 
              спрабавала распаўсюдзіць чэскае пасольства ў Менску, што было расцэнена 
              беларускімі ўладамі як распаўсюд прапагандысцкіх матэрыялаў.  
            Зьмена фармату працы, ператварэньне Камісіі ў Раду ня надта паўплывала 
              на зьмену яе складу. Агульным галасаваньнем генасамблеі ў яе былі 
              ўключаныя Кітай, Пакістан, Саудаўская Аравія і Куба. З краін СНД 
              сябрамі Рады сталі Азэрбайджан, Расея і Украіна. Армэнія і Грузія 
              ня здолелі набраць неабходную колькасьць галасоў.  
            Сябрамі Рады сталі Нямеччына, Францыя, Вялікабрытанія, Швайцарыя, 
              Фінляндыя, а таксама Польшча, Чэхія, Румынія і Вугоршчына.  
            Беларусь і ЗША не выносілі свае кандыдатуры на галасаваньне, хаця 
              абедзьве яны ўваходзілі ў лік краін — сябраў камісіі.  
            Абраньне складу Рады ААН у правох чалавека мы папрасілі пракамэнтаваць 
              палітоляга Андрэя Фёдарава:  
            (Фёдараў: ) «Я мяркую, што Беларусь не падавала сваю кандыдатуру 
              таму, што ведала папярэдні расклад, памятала рэзалюцыі ранейшай 
              камісіі і ведала, што ня пройдзе. Злучаныя Штаты былі наагул супраць 
              стварэньня гэтай Рады, таму яны і не спрабавалі стаць яе сябрам. 
             
            Тое, што прайшлі такія краіны, як Расея, Куба, Саудаўская Арабія, 
              Кітай — гэта даволі зразумела, краіны ўплывовыя, і шмат хто іх падтрымлівае 
              часам з мэркантыльных меркаваньняў.  
            Тут, на мой погляд, галоўнае — гэта тое, хто наагул стаў сябрам 
              Рады. Без краін, у якіх ёсьць праблемы з правамі чалавека, у любым 
              выпадку не абышлося. Галоўнае — ці будзе перавага ў сапраўды дэмакратычных 
              краін, калі справа ў Радзе будзе даходзіць да галасаваньня.  
            На жаль, цяжка пагадзіцца зь меркаваньнем, што ператварэньне Камісіі 
              ў Раду павялічыць уплыў на тыя краіны, дзе з правамі чалавека існуюць 
              праблемы. Тут справа не ў большасьці галасоў, а ў наяўнасьці тых 
              ці іншых рычагоў уплыву. Пакуль што, мне здаецца, простая зьмена 
              фармату гэтых рычагоў не дадае». 
              
            Юры Дракахруст 
              Радыё Свабода 
             
             
               
             |