|   Некалькі прадстаўнікоў моладзевай арганізацыі «Моладзь 
              БНФ», а таксама так званыя «мобэры», якія ладзяць флэш-мобы на менскіх 
              вуліцах, правялі некалькі акцый, прысьвечаных гадавіне рэфэрэндуму. 
              14 траўня 1995 году бел-чырвона-белыя сьцягі і герб «Пагоня» замянілі 
              на новую атрыбутыку, якая прызнаная дзяржаўнай. Некалькі сотняў 
              чалавек пасьля травеньскага рэфэрэндуму былі пакараныя арыштамі 
              і штрафамі за спробу прайсьці з нацыянальнай сымболікай па гарадзкіх 
              вуліцах. 
             Каля паўсотні моладзевых актывістаў ладзілі талаку на Маскоўскіх 
              і Вайсковых могілках. Яны прабралі і ўпрыгожылі кветкамі і бел-чырвона-белымі 
              стужкамі магілы Ўладзімера Караткевіча, Васіля Быкава, Івана Чыгрынава, 
              Міхаіла Ткачова.  
            Каля 20 сем’яў гулялі зь дзецьмі ў парку Горкага. Яны мелі значкі 
              «За свабоду», бел-чырвона-белыя стужкі на вопратках. За імі ўвесь 
              час сачылі супрацоўнікі спэцслужбаў і міліцыі. Яны трымалі ў руках 
              чырвоных цукровых пеўнікаў, чым заслужылі шмат жартаў на свой конт 
              з боку людзей. Людзі пасьля заканчэньня акцыі селі ў катэр і паплылі 
              па Сьвіслачы. Дзеці трымалі бел-чырвона-белыя сьцяжкі.  
            Некалькі юнакоў і дзяўчат у аўтобусах 100-га маршруту замацавалі 
              бел-чырвона-белыя стужкі. Яны віншавалі пасажыраў з днём дзяржаўнага 
              сьцяга. Людзі станоўча рэагавалі на віншаваньні. Толькі ў адным 
              аўтобусе кандуктарка ўчыніла скандал: яна пагражала, што выклікае 
              міліцыю, калі хлопцы не сыдуць.  
            Дзяўчаты замацавалі звонку на трох тралейбусах і трамваях бел-чырвона-белыя 
              стужкі, якія ўпрыгожвалі грамадзкі транспарт некалькі гадзінаў. 
              
             
              Любоў Лунёва 
              Радыё Свабода 
             
                     
             
               
             |