|   У Польшчы, дзе Дзень салідарнасьці зь сем’ямі зьніклых 
              палітыкаў і беларускімі дэмакратычнымі сіламі адзначаецца ўжо восьмы 
              раз, сёньня было вырашана сабрацца каб падсумаваць вынікі працы, 
              зробленай за гэты час — акрамя гэтага ў цэнтры Варшавы з самога 
              ранку зьявіўся на адзін дзень намёт, які прастаяў паўтары месяцы 
              насупраць беларускай амбасады. 
             Калі акцыя салідарнасьці адбывалася ў Варшаве ўпершыню летась 
              у восень, дык у ёй узялі ўдзел толькі некалькі дзясяткаў чалавек, 
              потым гэта ўжо былі сотні, а да сталіцы далучыліся два дзясяткі 
              польскіх гарадоў. На мітынгах прамаўлялі вядомыя палітыкі, грамадзкія 
              дзеячы. Антось Цялежнікаў, лідэр Зьвязу на карысьць дэмакратыі ў 
              Беларусі — галоўнага арганізатара дзён салідарнасьці, кажа, што 
              цяпер надышоў час падсумаваць зробленае.  
            (Цялежнікаў: ) «Думаю, што прыйшоў час падсумаваць, што мы зрабілі 
              і адсюль рашэньне адзначыць дзень салідарнасьці менавіта такім чынам 
              — канцэртам і абмеркаваньнем. Тут намёт наш стаіць, які быў каля 
              амбасады. Зьбіраем подпісы пад патрабаваньнем вызваліць палітвязьняў». 
             
            Прадстаўнікі Зьвязу на карысьць дэмакратыі ў Беларусі кажуць, што 
              за апошнія месяцы ўпэўніліся, што ў Польшчы добра разумеюць, што 
              такое салідарнасьць.  
            (Цялежнікаў: ) «Такіх акцыяў, як у Польшчы нідзе за мяжой Беларусі 
              не было. Палякі найлепш паказалі сябе, мы бачым, што яны найлепш 
              разумеюць, што такое салідарнасьць. Тыя акцыі, што адбываліся ня 
              толькі 16-га, але і ў іншыя дні, як я мяркую, прынесьлі шмат карыснага 
              для справы набліжэньня свабоды і дэмакратыі ў Беларусі. Трэба працягваць 
              працу, бо перад намі, магчыма яшчэ даўжэйшы шлях, чым за намі». 
             
            На дзень салідарнасьці ў Варшаву запрошаны таксама беларускі гурт 
              ZET. 
              
            Аляксей Дзікавіцкі 
              Радыё Свабода 
                     
             
               
             |