Затрыманьні пасьля флэш-мобаў ці за нашэньне значкоў зьяўляюцца абсалютна незаконнымі і скарыстоўваюцца ўладай як метад уціску на актыўную частку грамадзтва
17 мая 2006

Затрыманьні пасьля флэш-мобаў ці за нашэньне значкоў зьяўляюцца абсалютна незаконнымі і скарыстоўваюцца ўладай як метад уціску на актыўную частку грамадзтва, лічаць праваабаронцы.

16 траўня ў чарговы раз прайшоў Дзень салідарнасьці з семьямі зьніклых і палітычнымі вязьнямі. Пасьля заканчэньня акцыі супрацоўнікі сьпецназу затрымалі 18 чалавек. Сярод затрыманых: Зорка Андрэй, Наскоў Міхась, Атакулава Люда, Курбацкі Аляксандр, Шыцянкоў Мікіта, Дзяткоўская Кацярына, Шашкова Насця, Кніга Зьміцер, Кумішча Зьміцер, Прэсьнік Андрэй, Журпал Павел, Сцепаненка Аляксандр, Сяргеенка Мікалай, Грычуха Максім, Янкелевіч Іра, Корбан Аляксандр, Барысевіч, Дарэўскі А. В. Усіх затрыманых пасьля праверкі дакументаў адпусьцілі.

Каментуе сітуацыю юрыст Праваабарончага цэнтру Вясна Алесь Каліта:

Беларускія ўлады сутыкнуліся з новым відам негвалтоўнага супраціву, сярод якіх флэш-мобы і Дні салідарнасьці. З юрыдычнага пункту гледжаньня ні ў Днях салідарнасьці, ні ў флэш-мобах адсутнічае склад адміністратыўнага правапарушэння, і яны не падпадаюць пад закон аб массавых мерапрыемствах. Само паняцце массавае мерапрыемства ўключае ў сябе сход, мітынг, вулічнае шэсце, дэманстрацыя, пікетаваньне. Усе вышэй пазначаныя дзеяньні ўвасабляюць у сабе некаторыя абавязковыя элементы, такія як: публічнае абмеркаваньне і выказваньне свайго стаўленьня да дзеяньняў альбо бязьдзеяньняў уладаў альбо арганізацыяў, падзеяў грамадзка-палітычнага жыцьця а таксама вырашэньня пытаньняў, якія закранаюць інтарэсы грамадзянаў. Як мы бачым, ні адзін з праведзеных флэш-мобаў ці паблбных акцыяў не утрымліваюць вышэй пазначаных прыкметаў масавага мерапрыемства, што ў сваю чаргу робіць іх абсалютна законнымі.

Тым ня менш, уладу раздражняе грамадзкая актывізацыя, і адным са сродкаў супрацьдзеяньня зьяўляецца затрыманьне супрацоўнікамі міліцыі флэш-мобераў для праверкі дакументаў і высьвятленьня асобы. У гэтых абставінах варта адзначыць, што супрацоўнік міліцыі, згодна п. 2 арт. 16 Закону «Аб міліцыі», мае права правяраць у грамадзянаў пры падазрэньні ў здзяйсьненьні імі правапарушэньня дакументы, якія пацьвярджаюць іх асобу. Таксама супрацоўнік міліцыі мае права затрымаць і ўтрымліваць у сьпецыяльна адведзеных у органах міліцыі памяшканьнях асобаў, якія зьдзейсьнілі адміністратыўнае правапарушэньне, для высьвятленьня іх асобы, складаньня пратаколу альбо разгляду справы па сутнасьці, калі гэтыя пытаньні ня могуць быць вырашаныя на месцы на працягу трох гадзінаў.

Такім чынам, затрыманьні пасьля флэш-мобаў ці за нашэньне значкоў зьяўляюцца абсалютна незаконнымі і скарыстоўваюцца ўладай як метад уціску на актыўную частку грамадзтва.

 

Праваабарончы цэнтр «Вясна-96»