|   У Познані адбылося ўрачыстае адкрыцьцё беларускага 
              Культурна-асьветніцкага цэнтру, які бясплатна атрымаў вялікае памяшканьне 
              ад гарадзкіх уладаў у цэнтры гораду, а таксама друкарскія машыны. 
             Беларускі культурна-асьветніцкі цэнтар існуе ўжо некалькі гадоў 
              і займаецца ня толькі культурніцкімі праектамі, але арганізоўвае 
              таксама палітычныя акцыі — сярод іншага акцыі салідарнасьці з дэмакратычнай 
              Беларусьсю.  
            У часе ўрачыстага адкрыцьця офісу цэнтру, бела-чырвона-белую стужку 
              разам са старшынём арганізацыі Віталём Воранавым, перарэзаў намесьнік 
              мэра Познані Мацей Франкевіч. У сваю чаргу, мэр гэтага горада Рышард 
              Грабэльны заявіў нашаму радыё, што разьлічвае, што Беларусь у хуткім 
              часе стане вольнай.  
            (Грабэльны: ) «Калі глядзець у пэрспэктыву, дык пасьля ўсяго, што 
              адбылося навокал Беларусі, гэтая краіна ня можа заставацца зьняволенай. 
              Пытаньне толькі, колькі часу на гэта спатрэбіцца. Мы ў Польшчы перамаглі 
              ў 1989 годзе, а змаганьне пачалося ў 1956-м».  
            Паводле спадара Воранава, атрыманьне памяшканьня дапаможа сябрам 
              беларускага цэнтру актывізаваць сваю працу.  
            (Воранаў: ) «Гэта значна палепшыць нашую працу — будзе дзе зьбірацца, 
              захоўваць кніжкі — дагэтуль гэта была праблема. Адзін зь першых 
              нашых крокаў — гэта адкрыцьцё тут беларускай бібліятэкі імя Францішка 
              Багушэвіча. Ёсьць ужо першыя фундатары кніжак».  
            Акрамя памяшканьня, якое настолькі вялікае, што там плянуецца наладзіць 
              сталую экспазыцыю беларускіх мастакоў, беларускі культурна-асьветніцкі 
              цэнтар атрымаў таксама друкарскія машыны. Дарэчы, выданьне беларускіх 
              кніжак — у бліжэйшых плянах Цэнтру.  
            (Воранаў: ) «Мы плянуем сэрыю перакладаў дзіцячых кніжак на беларускую 
              мову — гэта творы замежных аўтараў, якія ніколі не выдаваліся па-беларуску, 
              ці выдаваліся малымі накладамі. Ужо рыхтуецца першая кніга сэрыі 
              — «Віні Пух», якая павінна пабачыць сьвет у жніўні сёлета». 
              
            Аляксей Дзікавіцкі 
              Радыё Свабода 
                     
             
               
             |