|    Адвакатка Аўтуховіча Галіна Іванова сёньня даведалася, 
              што Мікалая Аўтуховіча вазілі ў адзін з гарадзенскіх шпіталяў, абсьледавалі, 
              але заставацца там ён адмовіўся. Мікалая Аўтуховіча прывезьлі назад 
              у сьледчы ізалятар гарадзенскай турмы №1. Паводле адваката, ён працягвае 
              галадоўку, якую абвясьціў яшчэ 13 красавіка, калі яго ўзялі пад 
              варту. 
             Учора ў Кастрычніцкім раённым судзе Горадні не адбылося паседжаньне 
              па крымінальнай справе прадпрымальніка. Судзьдзя Мікалай Рачынскі 
              зачытаў даведку ад турэмнага мэдыка, у якой гаварылася, што падсудны 
              Аўтуховіч ня можа ўдзельнічаць у працэсе з-за стану здароўя, і будзе 
              шпіталізаваны. Дарэчы, наступнае паседжаньне суду прызначылі на 
              8 чэрвеня.  
            Мікалая Аўтуховіча абвінавачваюць у тым, што ён не заплаціў усіх 
              падаткаў, і гэта пацягнула страты для бюджэту ў асабліва буйным 
              памеры. Ён віны не прызнае, зазначае, што працаваў адкрыта, усю 
              выручку ад работы таксовак у Ваўкавыску здаваў у банк. Яго абвінавачваюць, 
              што ён не стварыў фірму таксі, а дзейнічаў па іншай схеме. Суму 
              незаплачаных падаткаў яму налічылі, зыходзячы з таго, колькі яму 
              неабходна было плаціць у выпадку, калі б ён стварыў такую фірму. 
              Яму пагражае абмежаваньне свабоды альбо да сямі гадоў зьняволеньня 
              й канфіскацыя маёмасьці. 
              
            Радыё Свабода 
             
               
             |