|   «Маладафронтаўцы», а таксама тыя, хто ім спачувае, 
              цягам дзевяці дзён пратэставалі супраць перасьледу іх арганізацыі 
              — «Малады Фронт», супраць утрыманьня пад вартай палітзьняволеных, 
              а таксама высоўвалі лякальнае патрабаваньне: аднавіць на вучобе 
              ў салігорскім ПТВ-72 свайго паплечніка Максіма Сяменчыка. Галадоўцы 
              пайшлі насустрач просьбам сваіх бацькоў і грамадзкасьці ды пачынаюць 
              прымаць ежу. Але дэкляруюць, што працягнуць барацьбу і падтрымку 
              сваіх сяброў, якія надалей галадуюць у розных гарадох Беларусі. 
             Больш за ўсіх з прынятага рашэньня шчасьлівая маці непаўнагадовых 
              галадоўнікаў Ільлі ды Івана Шылаў Сьвятлана Шыла:  
            (Шыла: ) «Я ганаруся сынамі, і мяркую, што ў будучыні, канешне, 
              гэта ўсё ацэніцца, але ня зараз. Яны б такія не вырасьлі, калі б 
              у нас з бацькам былі іншыя погляды. Яны свабодалюбівыя, разумееце?» 
            Перад выхадам з галадоўкі ўдзельнікі далі свае ацэнкі акцыі, у 
              якой бралі ўдзел.  
            Уладзімер Лемеш, АГП:  
            (Лемеш: ) «У першую чаргу, я ацаніў свае сілы, на што рэальна здольны». 
            Іван Шыла, «Малады Фронт»:  
            (Шыла: ) «Я лічу, што гэтая галадоўка недарэмная, бо мы добра прадэманстравалі 
              сваю грамадзкую пазыцыю. І яшчэ раз пабачылі, як дзяржава дэманструе 
              сваю пазыцыю да простых грамадзянаў: нават тое, што тут непаўналетнія 
              галадавалі — ім усё роўна. Ніякіх крокаў з боку ўладаў мы не пабачылі». 
             
            Павал Батуеў, партыя БНФ:  
            (Батуеў: ) «Мы тут добра пасябравалі. Мы прачыталі шмат кніжак, 
              і прыцягнулі ўвагу да праблемаў рэпрэсіяў канкрэтна тут у Салігорску. 
              На жаль, мы ня здолелі прыпыніць гэтую праблему цалкам. Але ў гэтай 
              дзяржаве гэта такімі сродкамі, як галадоўка, ня вырашыш».  
            Ільля Шыла, «Малады Фронт»:  
            (Шыла: ) «Першыя тры дні было цяжка маральна — тое, што галадоўка. 
              А потым было нармалёва, мы звыкліся з гэтым. Чыталі кніжкі, у нас 
              быў інтэрнэт…» 
            Сяржук Пацкевіч, «Малады Фронт»:  
            (Пацкевіч: ) «Я быў бы рады, каб такія акцыі працягваліся ўвесь 
              час. Але гэтая галадоўка — толькі пачатак. Ува мне яшчэ больш бунту 
              зьявілася — прадэманстраваць уладам, што моладзь супраць. Калі празь 
              які месяц пачнецца штосьці падобнае, я падтрымаю».  
            Усе ўдзельнікі салігорскай галадоўкі падкрэсьлілі, што будуць працягваць 
              адстойваць свае патрабаваньні, і падтрымліваць сваіх сяброў, якія 
              галадуюць у іншых гарадох Беларусі.  
              
            Севярын Квяткоўскі 
              Радыё Свабода 
               
             |