8 чэрвеня ў Вашынгтоне ў Камітэце міжнародных адносінаў
Сэнату ЗША адбыліся грамадзкія слуханьні, прысьвечаныя ролі няўрадавых
арганізацыяў у разьвіцьці дэмакратыі. Падчас слуханьняў, у якіх
узялі ўдзел старшыня камітэту сэнатар Лугар, а таксама сэнатары
Байдэн і Марцінэз, вялікая ўвага была нададзена становішчу грамадзянскай
супольнасьці ў Беларусі.
У сваім ўступным слове сэнатар Лугар адзначыў, што падтрымка дэмакратычных
няўрадавых арганізацыяў ва ўсім сьвеце зьяўляецца адным з прыярытэтаў
зьнешняй палітыкі ЗША. У той жа час, урады шэрагу краінаў ствараюць
прававыя перашкоды для аказаньня дэмакратычнай дапамогі. Улады Расеі,
Беларусі, Казахстану, Таджыкістану і Ўзбэкістану аказваюць усё большы
ціск на мясцовыя і міжнародныя грамадзкія арганізацыі ў гэтых краінах.
Намесьнік памочніка Дзяржсакратара па дэмакратыі, правах чалавека
і працы Бэры Ловэнкран падкрэсьліў, што ўрад Лукашэнкі шырока выкарыстоўвае
падатковыя інспэкцыі і ўводзіць новыя патрабаваньні па рэгістрацыі
дзеля таго, каб абмежаваць магчымасьці легальнай працы для грамадзкіх
аб'яднаньняў, незалежных мэдыя, палітычных партыяў, рэлігійных суполак
і арганізацыяў этнічных меншасьцяў.
Прэзыдэнт Нацыянальнага фонду ў падтрымку дэмакратыі Карл Гершмэн
засьведчыў, што нават у надзвычайна неспрыяльных ўмовах, калі пераважная
большасьць грамадзкіх аб'яднаньняў зьяўляюцца незарэгістраванымі,
а незалежныя газэты вымушаны друкавацца за межамі краіны, у Беларусі
працягвае існаваць вельмі актыўны дэмакратычны рух. Ён падкрэсьліў,
што нягледзячы на ўсе перашкоды, урад ЗША і амэрыканскія няўрадавыя
арганізацыі павінны працягваць падтрымліваць дэмакратычныя сілы
Беларусі.
Ірына Віданава
Радыё Свабода
|