|   Удзельнікі акцыі патрабуюць спыніць перасьлед апазыцыйнай 
              моладзі, вернікаў, а таксама вызваліць палітвязьняў. Галадаюць дзесяць 
              чалавек. 13 галадоўнікаў ад сёньняшняга дня спынілі галадоўку на 
              просьбу кіраўніцтва незарэгістраванай арганізацыі «Малады фронт». 
              Аляксандар Мілінкевіч наведаў галадоўнікаў і заклікаў іх ад імя 
              аб’яднанай дэмакратычнай апазыцыі спыніць акцыю. Але моладзь пакуль 
              працягвае галадоўку. 
             Дзевяць галадоўнікаў знаходзяцца разам у адной кватэры ў Менску. 
              Алесь Зарамбюк трымае галадоўку ў Мастах. 13 чалавек спынілі ўдзел 
              у акцыі пратэсту на просьбу кіраўніцтва «Маладога фронту» з-за стану 
              здароўя.  
            У некаторых галадоўнікаў стан здароўя пагоршыўся. Лекар рэкамэндаваў 
              ім лекі, а таксама распавёў, як галадоўка можа адбіцца на здароўі. 
             
            Аляксандар Мілінкевіч заклікаў удзельнікаў акцыі ад імя аб’яднаных 
              дэмсілаў спыніць галадоўку.  
            (Мілінкевіч: ) «Я лічу, што гэта лепшыя зь лепшых, мужныя маладыя 
              людзі, якія могуць за сябе пастаяць. Пакуль што ня так шмат людзей 
              у Беларусі, якія могуць пастаяць за свой гонар і за сваё права. 
              Але, шчыра кажучы, вось у мяне ліст ад кааліцыі, у якую таксама 
              і «Малады фронт» уваходзіць, у якім да іх зьвяртаюцца з просьбай 
              спыніць галадоўку».  
            Іна Кулей і Людміла Гразнова таксама прасілі ўсіх удзельнікаў акцыі 
              спыніць галадоўку. Яны распавялі, што ўчынак маладафронтаўцаў ужо 
              дасягнуў мэты — пра акцыю і патрабаваньні моладзі ведаюць ня толькі 
              ў беларускім грамадзтве. Іна Кулей паведаміла хлопцам, што іх цяпер 
              вельмі не хапае, бо трэба шмат чаго рабіць. Аляксандар Мілінкевіч 
              папрасіў удзельнікаў акцыі абмеркаваць ягоную просьбу.  
            Галадоўнікі месьцяцца ў двух пакоях арандаванай кватэры. Яны ляжаць 
              на надзіманых матрацах. Хлопцы шкадуюць, што ў іх няма тэлевізара 
              і радыёпрыймача, каб слухаць «Свабоду». У кватэры ёсьць кампутар, 
              але няма выхаду ў інтэрнэт. Калі хлопцы ўбачылі каля пад’езду здымачную 
              групу БТ, то падышлі да яе.  
            Гаворыць Зьміцер Дашкевіч:  
            (Дашкевіч: ) «Чытаем кнігі. Няма ў нас інтэрнэту. Але ў нас няма 
              й прыймача, і мы ня маем магчымасьці слухаць Радыё Свабода. Мы пакуль 
              не зьбіраемся спыняць акцыю, бо лічым, што яшчэ можам уздымаць у 
              грамадзтве гэтую хвалю, гэтыя праблемы, патрабаваньні, якія мы выстаўляем». 
             
            Іра Завадзкая галадае восьмыя суткі. Яна кажа, што яе маці вельмі 
              непакоіцца.  
            (Завадзкая: ) «Мая маці, як і ўсе маці, хвалюецца за мяне, зразумела. 
              Але яна таксама разумее, бачыць у гэтым нейкі сэнс, хаця й ня ўпэўненая 
              ў выніку. Яна мяне падтрымлівае. Ну, са словамі: «Асьцярожней, глядзі 
              там, калі што, то адразу ж сыходзь».  
            Увесь час у кватэру прыяжджаюць палітыкі й прадстаўнікі грамадзкасьці, 
              каб выказаць падтрымку галадоўнікам. Маладафронтаўцы паведамілі 
              «Свабодзе», што будуць ладзіць флэш-мобы амаль штодня, каб прыцягваць 
              увагу грамадзкасьці да сваіх патрабаваньняў.  
             
              Любоў Лунёва 
              Радыё Свабода 
             
             
               
             |