|   Такі вырак па сканчэньні разгляду крымінальнае 
              справы, ініцыяванай аршанскай пракуратурай, вынесла судзьдзя Тацяна 
              Рыбакова. Суд прызнаў Мікалая Разумава вінаватым паводле 367-га 
              артыкулу Крымінальнага кодэксу на падставе выказваньняў сьведкаў 
              і відэазапісу сустрэчы выбарцаў з Аляксандрам Мілінкевічам 24-га 
              лютага. 
             На відэастужцы, зьнятай апэратарам мясцовай тэлекампаніі «Скіф» 
              Сяргеем Яўсеевым, зафіксавана прамова спадара Разумава, які публічна 
              казаў пра тое, што Аляксандар Лукашэнка мае дачыненьне да зьнікненьня 
              Юр’я Захаранкі і Віктара Ганчара, што й было кваліфікавана судом 
              як «паклёп на прэзыдэнта».  
            Паводле вынікаў псыхіятрычнай экспертызы ў менскай клініцы Навінкі, 
              падсудны на той момант быў у цалкам сьвядомым стане, хаця на судзе 
              ён заявіў, што ня памятае ні тае сустрэчы, ні ўвогуле падзеяў таго 
              дня, і таму сваёй віны не прызнае.  
            Ад 14-га сакавіка спадар Разумаў знаходзіўся пад вартай, і толькі 
              пасьля сёньняшняга суду яго адпусьцілі дахаты. Цяпер ён мусіць чакаць 
              на позву, у якой будзе пазначанае месца ягонага пакараньня – «абмежаваньня 
              волі ва ўстанове адкрытага тыпу», інакш кажучы, на «хіміі».  
            Гэты працэс выклікаў шарокі рэзанас у Воршы, дзе Мікалая Разумава 
              ведаюць найперш як вядомага рабочага лідара, які на пачатку 1990-х 
              гадоў заклікаў працаўнікоў мясцовых прадпрыемстваў выйсьці на рэйкі 
              на знак нязгоды з сытуацыяй у краіне, арганізаваўшы такім чынам 
              першыя працоўныя страйкі на Беларусі.  
             
             
              Радыё Свабода 
             
             
               
             |