|   Прэзыдэнт Польшчы Лех Качыньскі пачаў стварэньне 
              фундацыі дапамогі дэмакратычным зьменам у краінах былога СССР. Фундацыя 
              ня будзе супрацоўнічаць з афіцыйнымі беларускімі ўладамі, але дапамога 
              Беларусі — гэта адзін з прыярытэтных накірункаў у будучай дзейнасьці 
              гэтай арганізацыі. 
             Праект закону аб стварэньні фундацыі Падтрымкі супрацоўніцтва 
              ўжо перададзены ў Сэйм — Лех Качыньскі спадзяецца, што гэтая арганізацыя 
              пачне працу ўжо ў студзені 2007 году. Плянуецца, што на выкананьне 
              статутных мэтаў у наступным годзе фундацыя атрымае 20 мільёнаў злотых, 
              гэта каля 6,5 мільёнаў даляраў — толькі зь дзяржаўнага бюджэту, 
              а паводле статуту магчымыя таксама і ахвяраваньні ад прыватных асобаў. 
             
            Новая фундацыя перадусім будзе займацца перадачай досьведу польскіх 
              пераменаў краінам былога Савецкага Саюзу — у першую чаргу Ўкраіне 
              і Беларусі — і ўзмацняць імідж Польшчы як пасярэдніка паміж Усходам 
              і Захадам.  
            Будуць ладзіцца шматлікія стажыроўкі для грузінаў, украінцаў, беларусаў, 
              каб яны маглі пабачыць, як функцыянуе дэмакратыя ў Польшчы, як працуе 
              дзяржаўны апарат і як дзейнічае сыстэма кантролю за ўладай.  
            Эльжбэта Якубяк, кіраўнічка кабінэту прэзыдэнта Польшчы, заявіла 
              журналістам, што пры гэтым фундацыя ня будзе супрацоўнічаць з афіцыйнымі 
              беларускімі ўладамі, але паспрабуе «як мага большай колькасьці беларусаў 
              — і апазыцыянэраў, і не зьвязаных з апазыцыяй — паказаць, як функцыянуе 
              нармальная дэмакратычная дзяржава».  
              Стварэньне фундацыі Падтрымкі супрацоўніцтва — гэта першы настолькі 
              буйны праект польскай дзяржавы накіраваны на дапамогу дэмакратызацыі 
              былых краінаў СССР. 
             
             
              Аляксей Дзікавіцкі 
              Радыё Свабода 
             
             
               
             |