|   Напрыканцы тыдня ў Магілёве прайшоў сход мясцовых 
              лідэраў дэмакратычных партый і грамадзкіх аб'яднаньняў. Удзельнікі 
              сходу, якія прадстаўлялі шэсьць дэмакратычных партый і дзесяць грамадзкіх 
              аб'яднаньняў, прагаласавалі за праект пагадненьня пра стварэньне 
              Магілёўскай гарадзкой рэгіянальнай ініцыятывы грамадзка-палітычных 
              сілаў і зацьвердзілі склад адпаведнай рэдакцыйнай камісіі.Новая 
              грамадзкая кааліцыя плянуе каардынаваць дзейнасьць дэмакратычных 
              сілаў на выбарах ў мясцовыя Саветы. 
             У сходзе бралі ўдзел прадстаўнікі пяці вядучых партый кааліцыі 
              «Пяцёрка плюс», Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі Грамада ды 
              большасьці мясцовых грамадзкіх аб'яднаньняў. Арганізатары сходу, 
              лідэры тамтэйшых філій незарэгістраванай партыі Свабоды і прагрэсу 
              і Аб'яднанай грамадзянскай партыі Аляксандар Сілкоў і Сяргей Стральцоў 
              заявілі, што магілёўская ініцыятыва ствараецца як рэгіянальная ініцыятыва, 
              якая мусіць паспрыяць посьпеху на выбарах у мясцовыя Саветы.  
            Удзельнікі сходу казалі, што на прэзыдэнцкіх выбарах яны падзяліліся 
              на прыхільнікаў Мілінкевіча і Казуліна, а цяпер будуць весьці эфэктыўную 
              выбарчую кампанію ў тых акругах, дзе будуць вылучацца іхныя кандыдаты, 
              апярэджваючы ўлады, прапаноўваць свае шляхі вырашэньня праблем. 
              Наша ініцыятыва, адзначыў ва ўступным слове Аляксандар Сілкоў, працягвае 
              традыцыі папярэдняга аб'яднаньня магілёўскіх дэмакратычных сілаў 
              — «Магілёўскай альтэрнатывы».  
            Паводле праекта кааліцыйнага пагадненьня, удзельнікамі ініцыятывы 
              могуць стаць усе палітычныя партыі, прафсаюзы, грамадзкія аб'яднаньні, 
              якія падзяляюць прынцыпы дэмакратыі, прававой і незалежнай беларускай 
              дзяржавы і інтэграцыі ў эўрапейскую супольнасьць. Рэгіянальная кааліцыя 
              ствараецца дзеля каардынацыі сумесных дзеяньняў яе ўдзельнікаў, 
              абмену досьведам, вядзеньня эфэктыўнай выбарчай кампаніі і пошуку 
              хаўрусьнікаў, найперш — моладзі.  
            Па папярэдняй дамоўленасьці ў склад рэгіянальнай ініцыятывы ўвайшлі 
              мясцовыя філіі партый кааліцыі «Пяцёрка плюс», Беларускай сацыял-дэмакратычнай 
              партыі «Народная Грамада», моладзевыя арганізацыі, якія дзейнічаюць 
              пад эгідай гэтых партый. Апроч таго — яшчэ некалькі грамадзкіх аб'яднаньняў, 
              якія будуць мець права дарадчага голасу. Канчатковы тэкст пагадненьня 
              і рэглямэнт кааліцыі будзе зацьверджаны напрыканцы чэрвеня. Удзельнікі 
              сходу пагадзіліся, што ініцыятыва ствараецца як рэгіянальная кааліцыя 
              і ня ёсьць формай руху «За свабоду». 
             
             
              Радыё Свабода 
               
               
             |