|   У Маскоўскім судзе Менску вызначыліся з днём пачатку 
              працэсу над Аляксандрам Казуліным, якога трымаюць пад вартай ужо 
              болей за тры месяцы. Тым часам беларускія праваабаронцы выказваюцца 
              за тое, каб экс-кандыдата на прэзыдэнта прызналі ў сьвеце вязьнем 
              сумленьня. 
             6 ліпеня ў Маскоўскім судзе Менску пачнецца працэс над былым кандыдатам 
              на прэзыдэнта Аляксандрам Казуліным, якога падазраюць у хуліганстве 
              і арганізацыі вулічных беспарадкаў. Пра гэта адвакату Казуліна Ігару 
              Рынкевічу паведамілі сёньня, 28 чэрвеня, у канцылярыі суду. Між 
              тым, пастанову судзьдзі Аляксея Рыбакова аб пачатку працэсу адвакаты 
              палітыка яшчэ не атрымалі, таму ня могуць сказаць, як судзьдзя паставіўся 
              да іхнага хадайніцтва аб дасудовым вызваленьні з-пад варты Казуліна 
              пад падпіску аб нявыезьдзе. Адвакаты перакананыя, што падставаў, 
              каб зьмяніць Аляксандру Казуліну меру стрыманьня, болей чым дастаткова. 
             
            (Рынкевіч: ) «Гэтыя два злачынствы аднесеныя да меней цяжкіх, паводле 
              такіх абвінавачаньняў звычайна да суду трымаюць на падпісцы аб нявыезьдзе. 
              Да таго ж гэта вельмі вядомы чалавек. За яго 222 чалавекі паручыліся 
              й дзясяткі тысяч падпісалі пэтыцыю на імя генэральнага пракурора 
              з просьбай аб вызваленьні».  
            Тым часам праваабаронцы са зьліквідаванай уладамі арганізацыі «Прававая 
              дапамога насельніцтву» зьвярнуліся ў міжнародную арганізацыю «Міжнародная 
              амністыя» з просьбай прызнаць Аляксандра Казуліна вязьнем сумленьня. 
              На думку праваабаронцы Алега Воўчака, калі такое рашэньне будзе 
              прынятае да пачатку суду, гэта значна дапаможа ў абароне Аляксандра 
              Казуліна.  
            (Воўчак: ) «Ён будзе адчуваць сябе ў большай бясьпецы на волі, 
              а выпусьціць яго могуць толькі калі да абароны Казуліна далучыцца 
              міжнародная грамадзкасьць, у тым ліку арганізацыя «Міжнародная амністыя». 
             
            Усе ранейшыя хадайніцтвы да сьледчых аб зьмене меры стрыманьня 
              для Аляксандра Казуліна не былі задаволеныя, а лісты падтрымкі з 
              боку грамадзкасьці заставаліся без адказу.  
            Аляксандар Казулін быў затрыманы 25 сакавіка пасьля гвалтоўнага 
              спыненьня міліцыяй шэсьця мірных дэманстрантаў да турмы на вуліцы 
              Акрэсьціна, дзе ў той час трымалі болей за 500 прыхільнікаў дэмакратычных 
              пераменаў. Пры затрыманьні Аляксандар Казулін, як ён сьцьвярджае, 
              быў моцна зьбіты. У менскай міліцыі кажуць, што падчас разгону дэманстрантаў 
              пацярпела некалькі супрацоўнікаў АМАПу 
             
              Радыё Свабода 
               
               
             |