|   Справу грамадзкай незарэгістраванай арганізацыі 
              «Партнэрства» маюць разглядаць у судзе Цэнтральнага раёну Менску 
              20 ліпеня. Тым часам, адвакаты зьняволеных актывістаў працягваюць 
              аспрэчваць неабходнасьць іх утрыманьня пад арыштам. 
             Пакуль што афіцыйнага паведамленьня ад судзьдзі Ясіновіча не было, 
              ён — у адпачынку. Дату суду паведаміла сакратарка судзьдзі Ясіновіча. 
             
            Актывістаў «Партнэрства» абвінавачваюць ва ўдзеле у незарэгістраванай 
              арганізацыі і ў замаху на правы грамадзянаў. Аляксандар Шалайка, 
              Мікола Астрэйка, Эніра Браніцкая і Цімафей Дранчук знаходзяцца пад 
              арыштам з 21 лютага.  
            Сваякі арыштаваных лічаць, што менавіта перад судом маладзёнам 
              мусяць зьмяніць меру стрыманьня. Гаворыць бацька Цімафея Дранчука 
              Валеры:  
            (Дранчук: ) «Мы зараз выбіраем усе сродкі, каб абараніць нашых 
              дзяцей. Абараніць — гэта значыць вызваліць іх з-пад варты да суда. 
              Самы складаны пэрыяд. Сьледзтва скончана, знаёмства з матэрыяламі 
              скончана. Я не разумею — чаго тут баяцца. Цімафей пад час нашага 
              спатканьня сказаў: «Я не зьбіраюся хавацца, зьбягаць, уцякаць. Я 
              хачу абараняць і даказваць сваю невінаватасьць у судзе! Калі я буду 
              зьбягаць – гэта будзе азначаць прызнаньне маёй віны».  
            Маці Эніры Браніцкай, спадарыня Віялета, днямі мела першае цягам 
              4-х месяцаў спатканьне з дачкой. Нядаўна Эніру перавялі са сьледчага 
              ізалятару КДБ у турму на вуліцы Валадарскага. Спадарыня Віялета 
              кажа, што вялікім выпрабаваньнем для Эніры зьявілася тое, што яна 
              не паліць.  
            (Віялета: ) «Сем чалавек у камеры паляць па пачаку цыгарэт на дзень. 
              Яна выпрасіла ў іх 20 хвілін на дзень, калі яны не паляць — пакуль 
              яна «качае» прэс. Падчас прагулкі яна робіць зарадку. А потым, у 
              камэры, «качае» прэс. Запыталася ў яе: «А цягам дня ляжаць вам можна? 
              Пад’ём жа ж а 6 ранку». Кажа: гледзячы, якая зьмена аховы. Пры некаторых 
              — можна. Пры некаторых – нельга».  
            Спадарыня Віялета кажа, што Эніра — моцная асоба і знаходзіць розныя 
              сродкі падтрымаць моц духу нават у гэткіх умовах.  
            (Віялета: ) «Малюе ўвесь час. Караблікі розных канфігурацый… Жывёлінаў 
              розных малявала… Увесь час шукае матывы для сваіх малюнкаў. Вежу 
              нядаўна даслала — нават у фарбах вежу. Раней, калі ў КДБ яна была, 
              то ўсё ў фарбах малявала – у яе суседкі былі фарбы. А цяпер — алоўкам 
              малюе».  
            Цімафея Дранчук імкнецца зрабіць неабходныя працы для дыстанцыйнага 
              навучаньня ў Эўрапэсйкім Гуманітарным Унівэрсытэце. Але цяпер, ва 
              ўмовах сьпякоты, піша ён у лістах, пакутліва проста ляжаць — ня 
              тое, што працаваць над кантрольнымі. Валеры паспрабаваў перадаць 
              сыну ў камэру вэнтылятар:  
            (Дранчук: ) «Затэлефанаваў у адміністрацыю сьледчага ізалятара 
              КДБ сёньня, запытаўся, ці магу я перадаць вэнтылятар Цімафею. Нехта 
              Мікалай Васільевіч сказаў, што гэта вялікая раскоша. Маўляў, можа 
              яшчэ і пральную машыну перадаць наступным разам?» 
            Дзякуючы Аляксандру Сакалову, загадчыку сьледчага ізалятару, дазвол 
              на перадачу вэнтылятара Валеры Дранчук атрымаў. 
              
            Радыё Свабода 
               
               
             |