|   Сёньня ў Кастрычніцкім судзе Горадні адбыліся спрэчкі 
              бакоў па крымінальнай справе супраць ваўкавыскага прадпрымальніка 
              Мікалая Аўтуховіча і дырэктара фірмы «Ніка-транс» Юрыя Лявонава. 
              Пракурор прапанаваў пасадзіць Мікалая Аўтуховіча на 3 гады і 6 месяцаў, 
              а ягонага калегу Юрыя Лявонава — на 3 гады і 5 месяцаў. 
             Дзяржаўны абвінаваўца Яўген Шчарбак выступіў з прамовай. Паводле 
              яго, пад час судовага сьледзтва была даказаная вінаватасьць абодвух: 
              Аўтуховіч з дапамогай Лявонава ўхіляўся ад выплаты падаткаў, ажыцьцяўляў 
              перавозку пасажыраў і багажу, не рэгіструючы камэрцыйную фірму, 
              не атрымліваючы адпаведную ліцэнзію. У выніку для мясцовага бюджэту 
              былі нанесеныя страты ў асабліва буйным памеры.  
            Я.Шчарбак прапанаваў зьняволіць Мікалая Аўтуховіча на 3 гады 6 
              месяцаў ў калёніі ўзмоцненага рэжыму, а таксама канфіскаваць ягоную 
              маёмасьць і забараніць яму 5 гадоў займацца прадпрымальніцкай дзейнасьцю. 
              Юрыя Лявонава за пасобніцтва Аўтуховічу пракурор прапанаваў зьняволіць 
              на 3 гады 5 месяцаў у калёніі ўзмоцненага рэжыму і забараніць яму 
              5 гадоў займаць пасады ў адміністрацыйна-гаспадарчай галіне.  
            Абвінавачаньне лічыць, што абодва падсудныя павінны сплаціць нанесеныя 
              страты для раённага бюджэту: 40 мільёнаў 623 тысячы рублёў падатку, 
              які Аўтуховіч не заплаціў за кіроўцаў, якіх наймаў для працы на 
              сваіх таксоўках, а таксама 1 мільярд 92 мільёны 84 тысячы рублёў 
              — суму выручкі, якую ён атрымаў ад работы сваіх таксовак. 
             
               
              Сяргей Астраўцоў 
              Радыё Свабода 
               
               
             |