|    Злучаныя Штаты разьлічваюць, што сытуацыя ў Беларусі 
              будзе абмяркоўвацца падчас саміту кіраўнікоў дзяржаў «Вялікай васьмёркі» 
              ў Санкт-Пецярбургу. Як заявілі агенцтву БелаПАН у прэсавай службе 
              дзярждэпартамента ЗША, беларускае пытаньне можа быць разгледжанае, 
              нават калі не будзе ўключанае ў афіцыйны парадак дня сустрэчы. 
             Варта нагадаць, што сытуацыя ў Беларусі абмяркоўвалася 29 чэрвеня 
              ў Маскве ў межах нарады міністраў замежных спраў краін «Вялікай 
              васьмёркі», якія рыхтавалі парадак дня пасяджэньня кіраўнікоў дзяржаў. 
              У прыватнасьці, амэрыканскі бок узьнімаў пытаньне аб парушэньні 
              Беларусьсю эмбарга ААН праз нелегальныя пастаўкі лёгкай і стралковай 
              зброі.  
            Падчас прэсавай канфэрэнцыі пасьля завяршэньня сустрэчы кіраўнікоў 
              МЗС міністар замежных спраў Канады Пітэр Маккей заявіў, што яе ўдзельнікі 
              «шчыра абмяняліся меркаваньнямі, у прыватнасьці, датычна сытуацыі 
              ў Беларусі». Міністар замежных спраў Расіі Сяргей Лаўроў тады падкрэсьліў, 
              што, адказваючы на пытаньні калег адносна сытуацыі ў Паўднёвай Асэтыі, 
              Абхазіі, Прыднястроўі і Беларусі, ён «даў дастаткова фактаў, якія 
              ляжаць у аснове расійскага падыходу да ўсіх гэтых пытаньняў». 
              
            БелаПАН 
                       
               
             |