Сёньня ў судзе Кастрычніцкага раёну Горадні з
апошнім словам выступілі Мікалай Аўтуховіч і Юры Лявонаў. Дзяржаўны
абвінаваўца прапанаваў зьняволіць першага на тры з паловай году,
другога — на тры гады і пяць месяцаў. Прысуд судзьдзя Мікалай Рачынскі
агучыць 6 ліпеня.
Калі Мікалая Аўтуховіча завялі ў судовую залю і зачынілі ў клетцы,
ён павітаўся зь сябрамі й калегамі, якія прыехалі з Ваўкавыску (іх
было каля дваццаці чалавек). Нехта сказаў, што ён паправіўся пасьля
працяглага адмаўленьня ад ежы, а Аўтуховіч у адказ: восем літраў
вады ў мяне ўлілі дактары, вось і паправіўся. Сваё апошняе слова
Мікалай Аўтуховіч чытаў седзячы, яно было пабудаванае на абвяржэньні
абвінавачаньня.
У прыватнасьці, пракурор Яўген Шчарбак сказаў, што ваўкавыскі прадпрымальнік
Мікалай Аўтуховіч з дапамогай дырэктара фірмы «Ніка-транс» Юр’я
Лявонава ўхіляўся ад выплаты падаткаў, ажыцьцяўляў перавозку пасажыраў
і багажу без рэгістрацыі камэрцыйнай фірмы, якую павінен быў стварыць,
і не атрымаў адпаведнай ліцэнзіі. У выніку мясцовы бюджэт панёс
страты ў асабліва буйным памеры.
Мікалай Аўтуховіч спаслаўся на прэзыдэнцкі дэкрэт №17 за 2003 год,
паводле якога ён меў права, а не абавязак ствараць фірму. Зыходзячы
з гэтага, падкрэсьліў падсудны, яго судзяць за фірму, якой не існавала.
Сам ён як індывідуальны прадпрымальнік меў ліцэнзію і плаціў падаткі.
У заканадаўстве не прадугледжана пакараньня за тое, што нехта не
стварыў фірмы, сказаў Мікалай Аўтуховіч, таму ён лічыць працэс фарсам.
Пра свае ўражаньні ад апошняга слова Аўтуховічам, і ад ягоных паводзінаў
гаворыць адзін з ваўкавыскіх кіроўцаў:
(Кіроўца: ) «Чацьвёра нас прыехала падтрымаць Аўтуховіча, таму
што яму напэўна з гэтым беззаконьнем цяжка змагацца аднаму. Вось
прыехалі, пакуль мы свабодныя ад камандзіровак, нашыя машыны ў рэйсе,
будзем падтрымліваць яго да канца. Мужчына — малойца, добра трымаецца.
Мужчынам быў, мужчынам застанецца».
На суд прыяжджаў зь Менску Канстанцін Уланаў, яны з Аўтуховічам
некалі ваявалі ў Аўганістане. Ён лічыць, што заканадаўства відавочна
недасканалае, але калі Аўтуховіч сапраўды штосьці парушаў, можна
было не даводзіць справу да суду: яго неаднаразова правярала падатковая
служба і ніколі яму не казалі, што ён займаецца незаконнай прадпрымальніцкай
дзейнасьцю.
Абвінавачаньне лічыць, што абодва падсудныя павінны сплаціць нанесеныя
раённаму бюджэту страты: 40 мільёнаў 623 тысячы рублёў падатку,
што Аўтуховіч не заплаціў за кіроўцаў, якіх наймаў для працы на
сваіх таксоўках, а таксама 1 мільярд 92 мільёны 84 тысячы рублёў
— суму выручкі, якую ён атрымаў ад працы сваіх таксовак.
Сяргей Астраўцоў
Радыё Свабода
|