|    Незалежны музычны лэйбл «VoliaMusic» падрыхтаваў 
              да выданьня кампакт-дыск «Песьні Свабоды-2». Гэта другі альбом, 
              песьні якога прысьвечаныя тэме свабоды й незалежнасьці. Некаторыя 
              музычныя кампазыцыі напісаныя пад уплывам мінулых прэзыдэнцкіх выбараў 
              і падзеяў, што адбыліся ў Менску 19-25 сакавіка. 
             Кампакт-дыск складаюць 20 музычных кампазыцыяў у выкананьні вядомых 
              беларускіх гуртоў і маладых рок-выканаўцаў. Да прыкладу, «Нэйра 
              Дзюбэль» адмыслова запісаў песьню «Край”, Лявон Вольскі і «NRM» 
              прасьпяваюць песьню «Ворагам» на словы Ўладзімера Караткевіча, гурт 
              «Таварыш Маўзэр» выканае «Беларусь будзе вольнай». «Песьні Свабоды-2» 
              — гэта працяг праекту, распачатага ў гонар Дня Незалежнасьці 25 
              сакавіка, а таксама насуперак тагачасным афіцыйным канцэртам «За 
              Беларусь», кажа прад’юсар праэкту, які ўзяў сабе творчы псэўданім 
              Пупэр.  
            (Пупэр: ) «Адрозна ад першага, гэты дыск прысьвечаны 27 ліпеня, 
              Дню Незалежнасьці Беларусі. Таму асноўнай тэмай твораў будзе ня 
              толькі свабода, але й незалежнасьць Беларусі».  
            Паводле спадара Пупэра, «Песьні Свабоды-2» складзеныя з музычных 
              кампазыцыяў, якія прапанавалі яшчэ на першы альбом. Але некаторыя 
              былі напісаныя адмыслова падчас сакавіцкіх падзеяў, у тым ліку на 
              Кастрычніцкай плошчы Менску. Да прыкладу, «Колер маёй рэвалюцыі» 
              ў выкананьні гурта «Сівер». Гаворыць адзін зь лідэраў калектыву 
              Мікола Бянько:  
            (Бянько: ) «У сакавіцкіх падзеях мы бралі актыўны ўдзел, як музыкі 
              й як грамадзяне. Бо апошнім часам многія музыкі адмаўляліся выказваць 
              сваю пазыцыю, некаторыя нават адмаўляліся ад рок-каронаў. Таму мы 
              палічылі мэтазгодным сваю пазыцыю вытлумачыць адкрыта й не хаваць 
              яе».  
            «Песьні Свабоды-2» будуць распаўсюджвацца гэтак жа, як і папярэдні 
              альбом: праз падпіску на адмысловым інтэрнэт-сайце, а таксама падчас 
              рок-канцэрту, які заплянаваны ў гонар Дня Незалежнасьці 27 ліпеня. 
              Гэткім чынам, гэта яшчэ й папулярызацыя незалежнай беларускай музыкі, 
              лічыць прадусар праекту Пупэр.  
            (Пупэр: ) «Беларуская музыка — гэта ня толькі тое, што нам паказваюць 
              на беларускім тэлебачаньні й прымушаюць слухаць па беларускім радыё. 
              Гэта й тое, што нашых беларускіх музыкаў хвалюе ўсё, што адбываецца 
              ў краіне. І таксама наша задача была дапамагчы гуртам, якія з-за 
              сваёй пазыцыі ня могуць данесьці творчасьць да слухачоў».  
            Паводле спадара Пупэра, першы кампакт-дыск «Песьні Свабоды» атрымалі 
              некалькі тысяч аматараў незалежнай беларускай музыкі, а з інтэрнэту 
              гэтыя песьні спампавалі больш за 50 тысяч чалавек. 
             
              Радыё Свабода 
               
               
             |