|    Шасьцёх удзельнікаў несанкцыянаванай акцыі пасадзілі 
              ў два «варанкі» і даставілі ў Ленінскі РАУС. Пікет, хаця ён быў 
              няпоўны, працягваўся прыблізна паўгадзіны. Пазьней на вуліцы Савецкай 
              былі затрыманыя яшчэ два актывісты — пра гэта паведаміў адзін з 
              арганізатараў пікету. Дзяжурны РАУС адмовіўся даваць інфармацыю 
              аб затрыманых. 
             Пікет мелі правесьці мясцовыя сацыял-дэмакраты і актывісты АГП. 
              Яны хацелі нагадаць гарадзенцам пра зьніклых палітыкаў і апэратара 
              ОРТ Зьмітра Завадзкага, а таксама паінфармаваць пра тое, што ў сталіцы 
              пачаўся судовы працэсу супраць Аляксандра Казуліна. Пікетоўцы падрыхтавалі 
              ягоныя партрэты, а таксама — для раздачы мінакам — апошнія два нумары 
              «Народнай волі».  
            Інфармацыя пра маючую адбыцца акцыю трапіла і ў Інтэрнэт. У прызначаны 
              час — у 17.30 на месцы, на вуліцы Савецкай, 4, былі напагатове міліцыянты 
              на чале з палкоўнікам Чабанавым з абласной міліцыі. Былі падрыхтаваныя 
              чатыры «варанкі», усяго ў гэтым месцы знаходзіліся шэсьць міліцэйскіх 
              машын.  
            Большасьць тых, хто зьбіраўся ўдзельнічаць у акцыі, мусілі адмовіцца 
              ад сваёй задумы. Толькі прыблізна восем чалавек сталі ў рад і запалілі 
              зьнічы. Партрэты А.Казуліна ніхто не трымаў, «Народнай Волі» не 
              раздавалі. Міліцыянты фільмавалі ўдзельнікаў акцыі і змушалі іх 
              разысьціся, тлумачачы, што мерапрыемства несанкцыянаванае. Потым 
              пад’ехалі два «варанкі», шасьцёх удзельнікаў пасадзілі туды і даставілі 
              ў пастарунак.  
             
              Сяргей Астраўцоў 
              Радыё Свабода 
             
               
               
             |