Эўрапарлямэнтары назвалі Беларусь другой пасьля
Кітаю краінай з найбольш жорсткай цэнзурай у Інтэрнэце. У сваёй
рэзалюцыі, прынятай пры канцы мінулага тыдня, дэпутаты асуджаюць
дзейнасьць тых аўтарытарных рэжымаў, якія абмяжоўваюць свабоду меркаваньняў
у Інтэрнэце, і патрабуюць ад кіраўніцтва ЭЗ улічваць пры супрацоўніцтве
з тымі ці іншымі краінамі наяўнасьць свабоднага доступу грамадзянаў
да Інтэрнэту.
Як вынікае з рэзалюцыі Эўрапарлямэнту, Інтэрнэт стаў важным каналам
для адлюстраваньня думак палітычных дысыдэнтаў, дэмакратычных актывістаў,
журналістаў ва ўсім сьвеце. Адначасна расьце кантроль за Інтэрнэтам
з боку аўтарытарных рэжымаў. Сярод краінаў з найбольш жорсткай цэнзурай
у Інтэрнэце — постсавецкія Беларусь і Ўзбэкістан. Прычым Беларусь
займае другую пазыцыю ў сьпісе пасьля Кітаю.
Як вынікае з рэзалюцыі, ЭЗ мусіць шукаць канкрэтныя крокі, каб
абараніць свабоду слова ў Інтэрнэце для грамадзянаў тых краінаў,
дзе парушаюцца базавыя правы чалавека.
У размове са Свабодай дэпутатка Эўрапарлямэнту Элізабэт Шродтэр
сказала наступнае.
(Шродтэр: ) «Таго, што мы дагэтуль зрабілі для Беларусі, зразумела,
недастаткова. Мы маем жаданьне рабіць значна болей, асабліва ў пытаньні,
якое тычыцца доступу грамадзянаў да незалежнай інфармацыі. Каб людзі
самі маглі скласьці інфармацыю пра тое, што робіцца ў іхнай краіне,
а не праз прапразыдэнцкія медыі».
Паводле дэпутаткі Эўрапарлямэнту, яе калегі зьвярнуліся да кіраўніцтва
ЭЗ з просьбай пашырыць незалежнае эўрапейскае вяшчаньне на Беларусь
( яно мае свае Інтэрнэт-вэрсіі), і такая прапанова знайшла паразуменьне
ў кіраўніцтва ЭЗ.
Эўрапейская праваабарончая журналісцкая арганізацыя «Рэпартэры
бязь межаў» заявіла пра сваю падтрымку рэзалюцыі Эўрапарлямэнту
і выказала спадзяваньні, што Эўракамісія і краіны — сябры ЭЗ выканаюць
рэкамэндацыі эўрапейскіх дэпутатаў. У свой час «Рэпартэры бязь межаў»
накіравалі ў Эўрапарлямэнт сьпіс 15 краінаў-ворагаў Інтэрнэту (Кітай,
Бірма, Куба, Іран, Лібія, Мальдывы, Нэпал, Паўночная Карэя, Саудаўскай
Арабія, Сірыя, Туніс, Туркмэністан, Узбэкістан, Віетнам і Беларусь).
Паводле ініцыятывы «Рэпартэраў», адпаведную заяву пра падтрымку
свабоды слова ў Інтэрнэце падпісалі 32 дзьве буйныя фірмы-інвэстары.
Радыё Свабода
|