|    У Дзень беларускай салідарнасьці зь сем’ямі зьніклых 
              апанэнтаў улады і палітычнымі зьняволенымі, маладыя актывісты шэрагу 
              магілёўскіх грамадзкіх і палітычных арганізацыяў правялі свой інфармацыйны 
              пікет у самым цэнтры горада, на так званай Зорнай плошчы. Менавіта 
              сюды выканкам гады тры таму перанес усе масавыя мерапрыемствы, прысьвечаныя 
              дзяржаўным сьвятам і ўрачыстым рэгіянальным падзеям.  
            Гэтае ж месца было ўчора ўпершыню абранае маладымі актывістамі 
              для правядзеньня сваёй інфармацыйнай акцыі пра «Дзень салідарнасьці». 
              Болей за дзесяць дзяўчатаў і хлопцаў а 8-й вечара сталі на пляцы, 
              трымаючы перад сабой партрэты Захаранкі, Ганчара, Красоўскага, Завадзкага. 
              У гэтай журботнай галерэі можна было ўбачыць таксама і партрэт Аляксандра 
              Казуліна.  
            Праз паўгадзіны ўдзельнікі пікету былі затрыманыя й дастаўленыя 
              ў два найбліжэйшыя пастарункі. Там амаль да сярэдзіны начы доўжыліся 
              звычайныя міліцэйскія працэдуры — складаньне пратаколаў затрыманьня, 
              высьвятленьне асобаў затрыманых, узяцьце ад іх тлумачэньняў.  
            Усе дастаўленыя ў міліцыю адмовіліся ад падпісаньня якіх-небудзь 
              папераў, бо не пагаджаліся з тым, што на іхную інфармацыйную акцыю 
              патрабаваўся дазвол. Ня ведалі, што з гэтым рабіць і самі міліцыянты, 
              таму ўрэшце ўсіх затрыманых выпусьцілі без наступстваў. На гэткую 
              іхную лагоднасьць паўплывала, відавочна, і прысутнасьць у міліцэйскіх 
              пастарунках мясцовых праваабаронцаў. Сваімі дакладнымі спасылкамі 
              на заканадаўства правабаронцы і давялі міліцыянтам беспэрспэктыўнасьць 
              далейшага перасьледу маладых актывістаў. 
              
            Віктар Войт  
              belngo.info 
                       
               
             |