|    16 і 17 ліпеня ў ЗША адбыліся акцыі салідарнасьці 
              зь Беларусьсю. У нядзелю, 16 ліпеня, сябры Беларускай Ініцыятывы 
              ў штаце Мінэсота пратэставалі супраць палітычна матываваных арыштаў 
              дэмакратычных актывістаў. Удзельнікі акцыі падкрэсьлілі, што асабліва 
              зараз, калі былы кандыдат на пасаду прэзідэнта Аляксандар Казулін 
              быў несправядліва асуджаны на пяць з паловай гадоў, а актывісты 
              “Партнэрства” знаходзяцца ў чаканьні закрытага судзебнага працэсу, 
              вялізнае значэньне для беларускага дэмакратычнага руху мае падтрымка 
              з боку міжнароднай супольнасьці. 
            17 ліпеня прайшла ўжо традыцыйная акцыя пратэсту ў Вашынгтоне. 
              Каля дваццаці чалавек сабраліся ў панядзелак ля беларускай амбасады 
              са сьцягамі і транспарантамі, дзе яны таксама раздавалі ўлёткі зь 
              інфармацыяй пра лёс палітычных зьняволеных і рэпрэсіі супраць грамадзкіх 
              актывістаў. Як і ў мінулыя разы, ніхто з супрацоўнікаў амбасады 
              да пікетчыкаў не выходзіў, а вось вашынгтонцы выказвалі надзвычайную 
              зацікаўленасьць і падтрымку. У акцыі ўзялі ўдзел беларускія і амэрыканскія 
              студэнты, актывісты разнастайных грамадзкіх арганізацыяў і ініцыятываў, 
              а таксама прадстаўнікі ўкраінскай дыяспары.  
                       
               
             |