З Днём Незалежнасці!

27.07.2006

Сёння спаўняецца 16 год з моманту лёсавызначальнай для нашай краіны падзеі. 27 ліпеня 1990 года ў Мінску была прынятая Дэкларацыя аб дзяржаўным суверэнітэце Рэспублікі Беларусь. Гэты важны для нашай дзяржавы дакумент стаў першым афіцыйным крокам да незалежнасці Беларусі. Менавіта ад гэтага дня пачаўся адлік новай гісторыі нашай краіны. Лідэр дэмакратычных сілаў Аляксандр Мілінкевіч павіншаваў беларусаў са Святам. «Незалежнасць, свабода, дэмакратыя, дабрабыт — словы аднаго парадку. «Свабода — галоўная маральная і фізічная каштоўнасць, якая дадзеная кожнай жывой істоце ад нараджэння». Гэтыя словы Васіля Быкава кажуць нам, што свабода дадзеная чалавеку для таго, каб кожны мог жыць паўнавартасным жыццём — і не толькі ў маральным, але і фізічным аспекце», — гаворыцца ў звароце Мілінкевіча да беларускага народу.

Аляксандр Мілінкевіч заяўляе:

«Сваё права быць свабодным і незалежным чалавеку даводзіцца пастаянна даказваць. Слабыя — здаюцца, а моцныя адстойваюць гэтае права. Нездарма кажуць: той, хто гатовы прамяняць свабоду на дастатак, не атрымае ні першага, ні другога. І толькі здабыўшы свабоду і незалежнасць можна будаваць дабрабыт.

Нам трэба таксама разумець, што праблема незалежнасці Беларусі самым непасрэдным чынам звязаная з дэмакратыяй. Незалежнасць нашай дзяржавы — гэта адзін з галоўных гарантаў пабудовы свабоднага, дэмакратычнага грамадства. Уся Беларусь, увесь свет павінны ўсвядоміць —пакуль цяперашняя ўлада будзе разменьваць суверэнітэт краіны, да таго часу беларускае грамадства будзе супрацьстаяць гэтаму і да таго часу ў беларускіх турмах будуць сядзець палітзняволеныя.

Логіка падзеяў і здаровы сэнс гавораць пра тое, што свабода абавязкова вернецца ў Беларусь, а незалежнасць краіны стане велізарнай каштоўнасцю ўсяго беларускага народа. Віншую вас з Днём Незалежнасці, дарагія суайчыннікі!»