Валеры Дранчук: Над нашымі дзецьмі ўжо адбыўся жорсткі і бязлітасны суд
27 июля 2006

Заўтра а 10 гадзіне ў судзе Цэнтральнага раёну пачнецца працэс над актывістамі грамадзянскай ініцыятывы па назіранню за выбарамі “Партнерства”. Суд над Цімафеем Дранчуком, Энірай Браніцкай, Мікалаем Астрэйка і Аляксандрам Шалайка будзе зачыненым. У залю суда не пусцяць нават амбасадараў еўрапейскіх краінаў. Тым не меньш, бацька аднаго с палітзняволеных, эколаг Валеры Дранчук лічыць, што на самой справе суд над актывістамі “Партнерства” ужо адбыўся. “На мой погляд, суд ужо адбыўся. Жорсткі і бязлітасны суд, калі нашых дзяцей схапілі 21 лютага і дагэтуль трымаюць у зняволенні. Калі ім без суда і следства наляпілі цяжкіх ярлыкоў, круцілі сюжэты з іхнім удзелам па тэлебачанні, маніпулюючы грамадскай думкай”, — заявіў Валеры Дранчук у інтэрв’ю прэс-цэнтру Хартыі’97. Прапанум тэкст інтэрв’ю з бацькам палітвязня цалкам.

— Калі Вы атрымалі апошні ліст ад Цімафея? Ці можна пацікавіцца, які ў яго настрой перад судом? Што ён піша?

— Мы лістуемся амаль штодня, з пэўнымі перапынкамі, калі не працуе паштовая сувязь або адпаведная служба ізалятара, якая чытае лісты. Учора атрымалі ад Цімоха восемдзесят чацверты ліст. Настрой, як заўсёды, вытрымана спакойны і, як заўсёды, прасякнуты вялікім, нават гарачым жаданнем нарэшце ўбачыць сына Платона. З ліставання я адкрыў, што Цімафей здолеў стварыць псіхалагічную мадэль паводзінаў, якая дазваляла яму з дня ў дзень жыць надзеяй на лепшае, верай у светлае. Нараджэнне Платона было для яго нараджэннем зоркі, якая свеціць вельмі высока і дае сілы. Здаецца, мы ўсе, родныя, нібы зноў нарадзіліся пад гэтай шчаслівай зоркай. Платон – гэта дакор сённяшняму рэжыму і наша Надзея на лепшае.

— Колькі ў Вас было спатканняў з Цімохам?

— Я двойчы сустракаўся з сынам. 22 чэрвеня і, здаецца, 6 ліпеня. Гэта былі і запамінальныя, і светлыя моманты майго жыцця. Аднак удакладню, што першае спатканне дазволілі толькі праз чатыры месяцы. Да гэтага былі бесчалавечныя жорсткія адмовы з боку следчага гарадской пракуратуры сп.Грахоўскага. Аднак яшчэ ўдакладню, бо лічу гэта самым істотным. Пасля выбараў, ведаючы матывы арышту актывістаў “Партнэрства” і тую вялікую цану, якую яны ўжо заплацілі сваім становішчам за кратамі, я настойваў змяніць меру стрымання на больш гуманную. У адносінах Цімафея я аргументаваў сваю просьбу тым, што на пачатку красавіка ў яго мае з’явіцца сын, а па нараджэнні Платона я зноў апеляваў да праваахоўнай сістэмы краіны ўлічыць абставіны нараджэння першынца і не працягваць здзек з чалавека, адпусціць да сям’і, да жонкі, да сына, які адлічваў першыя тыдні жыцця. Я расцаніў адмову як ужыванне псіхалагічнага ціску на вязня, блізкае да катавання. Таму спатканне на пятым месяцы не лічу праявай гуманнасці, але і на тым дзякуй Цэнтральнаму суду, -- гэта ўжо было добрым жэстам менавіта суда, куды следства перадало справу “Партнэрства”.

— Якія чаканні перажываеце напярэдадні судовага працэсу? Ці ёсць надзея на лепшае?

— Надзея ёсць, таму што з гэтай надзеяй ад першага да сённяшняга дня не развітваўся і не развітваецца Цімафей. Ад іншых бацькоў ведаю, што і сябры Цімафея вераць у тое, што судзіць іх няма за што. Усе мы верым і спадзяемся зусім не ў нейкі цуд і не на добрага дзядзьку – папросту няма складу злачынства. Як на розум аднаго замежнага журналіста, можна было б абмежавацца адміністрацыйным спагнаннем. І гэтага, маўляў, было б аж занадта.

Дзеянні “Партнэрства”, лічыў і лічу, былі цалкам апраўданыя як менавіта грамадзянскія і матываваныя канстытуцыйна. Так, усе актывісты – у той або іншай ступені -- апаненты рэжыму. Але – ніякім чынам не злачынцы, якімі іх зрабіла прагэбісцкая дзяржаўная машына, кінуўшы на перадвыбарны прапагандысцкі дзот. Наколькі гэтая мадэль маральнай завінавачанасці закладзена ў судовы фінал справы, не ведаю. Вядома, не выключаю і горшага, пра што не хочацца гаварыць. Я бачыўся з суддзём Ясяновічам, я глянуў яму ў вочы, мне падалося, ён не схільны бязлітасна, без Бога ў душы ламаць чалавечыя лёсы ці хоць бы чыніць зло. Тут яшчэ такая абставіна. Суддзя перад нялёгкім маральным выбарам. У Цімафея дома сын, якога ён не бачыў праз тры з паловай месяцы па нараджэнні. Жонкі Міколы Астрэйкі і Аляксандра Шалайкі цяжарныя. Адвечна лічылася грахом пакрыўдзіць цяжарную жанчыну, пазбавіць маладых людзей пачуццяў, дараваных Богам. Я спадзяюся, што мінімум – шэсць месяцаў – і будзе прысудам. Дый, на мой погляд, суд ужо адбыўся. Жорсткі і бязлітасны суд, калі нашых дзяцей схапілі 21 лютага і дагэтуль трымаюць у зняволенні. Калі ім без суда і следства наляпілі цяжкіх ярлыкоў, круцілі сюжэты з іхнім удзелам па тэлебачанні, маніпулюючы грамадскай думкай.

— Чаму працэс закрыты, як Вы думаеце?

— Справа “Партнэрства” нагадвае мне вялікую трубу. Пасля затрымання быў вялікі розгалас, алярмічны прыпадак улады, што затрымалі праамерыканскую групу, папярэдзілі тэракт, знайшлі выбухоўку і гэтак далей. Камбінацыі так ці інакш прывязваліся да “Партнэрства”. Гэта быў жудасны прэсінг не толькі зняволеных і іх родных, але ўсяго грамадства. Цяпер трэба другі канец трубы заткнуць, каб не было рэзанансу ў адказ, бо ўвесь той алярм адпаў, яго, па словах абароны, у справе няма, ён ніяк не фігуруе. Прэса менавіта гэтага і чакала, усё ж было шыта белымі ніткамі. Тут была закладзена самім сцэнаром гучная развязка, іншая “выбухоўка”. Неяк жа трэба прыглушыць гэты шум, вось і пайшлі на тое, што ў іржавую прапагандысцкую трубу паставілі затычку.

— Вядома, што з Вамі і сваякамі іншых палітзняволеных сустракаўся лідэр аб’яднаных дэмсіл Аляксандр Мілінкевіч. Ён заклікаў прыйсці на працэс дыпламатаў краін ЕС. Гэта неабходна?

— Лічу, калі дыпламаты і назіральнікі іншых прадстаўніцтваў прыйдуць на Багдановіча, дзе адбудзецца суд, гэта будзе акцыяй падтрымкі, акцыяй няспраўджанага чакання. Падставы зачыняць суд, са слоў суддзі, непераканальныя. З іншага боку, прыходзіць трэба хоць бы дзеля таго, што суддзя за ноч можа перадумаць. Не варта пазбаўляць суддзю магчымасці апошняга выбару. Ён павінен бачыць, што на суд прыйшлі, разлічвалі на яго. Таму трэба ісці з надзеяй.

Я таксама пайду з надзеяй. Я буду чуць працэс і праз сцены гэтага будынка. Я буду чуць голас свайго сына і ягоных сяброў. У мяне вельмі моцная вера ў іх поўную невінаватасць, у іхнюю волю ісці да канца, памятаючы пра годнасць і справядлівасць. Яны ўсе грунтоўна падрыхтаваліся да суда, гэта выдатная каманда, у якую я веру.

— Прысуд Казуліну сведчыць, што рэжым Лукашэнкі робіцца больш жорсткі? Вы з гэтым згодныя?

— Так, прысуд Аляксандру Казуліну беспадстаўны і жорсткі. Але я бачу, наколькі розныя гэта справы. Дэтанатары Казуліна Аляксандр Рыгоравіч адчуваў у сябе пад падушкай. Гэта быў супернік, роўна непрадказальны для А.Лукашэнкі, як і ён сам. Ён глыбока перажыў Казуліна і страціў шмат нервовых клетак. І матыў помсты ляжыць тут вялікай глыбай. Справа, магчыма, не ў рэжыме. У іншым. Хутчэй збіццё маладзёнаў каля расейскай амбасады – гэта сведчанне таго, што рэжым вельмі баіцца моладзі. За моладзь мне балюча і страшна, бо тут лінія агню. Заўтра на гэтай лініі будуць нашы дзеці і мой сын. Але я веру ў лепшае. Я пад зоркай Платона.

—Што, на Вашу думку, трэба зрабіць беларусам і міжнароднай дэмакратыі для вызвалення палітычных зняволеных?

— Быць разам! Нядаўна я наведаў Асвенцым. У адным з павільёнаў я ўбачыў кадры ваеннай кінахронікі. Гэтыя кадры паказваюцца тут нясконца. На старой кінастужцы ідуць людзі з закладзенымі за патыліцу рукамі. Мне хацелася некага там пазнаць, уяўляеце? Гэта папярэджанне нам — і беларусам, і не беларусам. Я не хутка пакінуў гэты павільён...