|    Сёньня ў судзе Цэнтральнага раёну Менску адбудзецца 
              чацьвёртае паседжаньне ў крымінальнай справе супраць актывістаў 
              незарэгістраванай арганізацыі «Партнэрства». Эніру Браніцкую, Аляксандра 
              Шалайку, Цімафея Дранчука і Міколу Астрэйку абвінавачваюць у кіраваньні 
              арганізацыяй, якая парушае правы і інтарэсы грамадзянаў. 
             Больш за 5 месяцаў іх утрымліваюць пад вартай. Суд праходзіць 
              за зачыненымі дзьвярыма. Магчыма, сёньня пачнуцца спрэчкі і мы даведаемся 
              якую меру пакараньня для актывістаў «Партнэрства» папросіць дзяржаўнае 
              абвінавачаньне.  
            Сёньня адвакаты арыштаваных заявяць хадайніцтва, каб дапыталі ў 
              судзе сьведак з боку абароны. Судзьдзя Леанід Ясіновіч заплянаваў 
              агледзіць пісьмовыя матэрыялы крымінальнай справы. Паводле Крымінальна-працэсуальнага 
              кодэксу, пасьля гэтага ў судзе пачынаюцца спрэчкі.  
            Прадстаўнік пракуратуры выступіць з афіцыйным абвінавачаньнем і 
              папросіць суд абраць меру пакараньня для Эніры Браніцкай, Міколы 
              Астрэйкі, Аляксандра Шалайкі і Цімафея Дранчука.  
            Раней судзьдзя Леанід Ясіновіч казаў сваякам, што ад сёньняшняга 
              дня абвесьціць перапынак у справе, але зьмяніў сваё рашэньне.  
            Жонка Цімафея Дранчука Вольга Анцыповіч знаходзіцца на лецішчы 
              з маленькім Платонам. Яна спадзяецца, што, чым хутчэй скончыцца 
              суд, тым хутчэй яе муж убачыць свайго сына.  
            (Анцыповіч: ) «Канечне, нам вельмі важна, што скажа пракурор. Ад 
              ягоных словаў, можна сказаць, залежыць наш лёс. Вельмі хочацца спадзявацца, 
              што ў судзе ўсё скончыцца і Цімафея вызваляць з-пад варты адразу 
              ў зале суду. Тое, што ён знаходзіцца за кратамі больш за пяць месяцаў, 
              гэта папросту нейкі жах. Ён не рэцыдывіст, не злачынца, але з ім 
              абыходзяцца менавіта так».  
            Паліна і Мікола Астрэйкі выпускнікі коласаўскага ліцэю, калектыў 
              якога днямі вярнуўся з Польшчы. Намесьнік дырэктара ліцэю Лявон 
              Баршчэўскі прыйдзе сёньня да будынку суду.  
            (Баршчэўскі: ) «Мікола Астрэйка быў адным з самых «сьветлых галоваў», 
              калі вучыўся ў нас. Ягоная жонка таксама была адной з самых лепшых 
              вучаніц. Тых, каго судзяць ў апошнія гады, вылучаліся не толькі 
              сваёй актыўнай грамадзянскай пазыцыяй, але й былі і ёсьць «сьветлымі 
              галовамі». Тыя хто не проста пратэстуюць, а думаюць пра будучыню. 
              Гэтага рэжым панічна баіцца. Ён хоча, каб бээрсэмаўскае пакаленьне, 
              троечнікі, кіравалі далей у дзяржаве і надалей растаптвалі эліту, 
              якая ў такіх пакутах нараджаецца».  
            Амбасадары ЗША і краінаў Эўразьвязу пільна сочаць за судом над 
              актывістамі незарэгістраванай арганізацыі «Партнэрства», якая стваралася 
              выключна з мэтай ажыццяўляць назіраньне за выбарамі.  
            Прадстаўнікі дэмакратычных моладзевых рухаў і апазыцыйных партый 
              прыходзяць да будынку суду на знак салідарнасьці з Энірай Браніцкай, 
              Міколам Астрэйкам, Цімафеем Дранчуком і Аляксандрам Шалайкам.  
            Будынак суду будзе ачэплены спэцназам. З набліжэньнем даты абвяшчэньня 
              прысуду, штодня павялічваецца колькасьць байцоў у форме і ў цывільным 
              каля будынку суду. 
             
              Любоў Лунёва 
              Радыё Свабода 
               
               
             |